Вы тут

Румас: Беларусь перадала Расіі новыя прапановы па пастаўках нафты

Сяргей Румас / БЕЛТА

Беларусь перадала Расіі новыя прапановы па пастаўках нафты. Пра гэта журналістам паведаміў прэм'ер-міністр нашай краіны Сяргей Румас пасля сустрэчы са сваім расійскім калегам Міхаілам Мішусціным у Маскве. Адказы Румаса размясціла ў Фэйсбуку яго прэс-сакратар Аляксандра Ісаева.

"Беларускі бок прадставіў расійскаму боку новыя прапановы для нафтавых кампаній, і расійскі бок іх прыняў", — заявіў кіраўнік беларускага ўрада. Гэтыя прапановы звязаныя з тым, што кошты на нафту цяпер панізіліся. 

Па яго словах, расійскі бок узяў некалькі дзён на кансультацыі з нафтавымі кампаніямі, пасля чаго абяцае даць адказ. Румас выказаў надзею, што беларуская прапанова будзе прынятая.

Пры гэтым Беларусь штомесяц будзе купляць мінімум два танкеры альтэрнатыўнай нафты, нават калі пастаўкі з Расіі нармалізуюцца. Пра такую заяву Румаса паведамляе БЕЛТА. 

Праблемы з пастаўкай расійскай нафты ў Беларусь пачаліся з 1 студзеня 2020 года, бо Мінск і Масква не падпісалі пагадненне па ўмовах паставак. З пачатку студзеня Беларусь купляла нафту ў кампаніяў групы "Сафмар", у сакавіку чакаюцца пастаўкі з яшчэ пяці новых расійскіх нафтавых кампаніяў. Акрамя таго, Беларусь дамовілася пра закупку нафты ў Азербайджане. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.