Рок-караля сустракалі пустыя крэслы

“Галоўная рок-карона 2006” – гурт Rasta. Не буду казаць пра хлопцаў нічога дрэннага, але ўпершыню я прысутнічаў на “Рок-каранацыі”, дзе пад выступленне рок-караля сыходзяць амаль усе прысутныя. Адразу хацелася б сказаць, што ў свой час я быў сапраўдным фанатам “Рок-каранацыі” і яе правядзення чакаў цэлы год. Спрачаўся з сябрамі, спрабаваў зрабіць прагнозы. Таму калі ў мінулым годзе была спроба аднавіць гэтую традыцыю, я з задавальненнем яе наведаў. Было нямала недалікаў пад час цырымоніі-2005, але я, напрыклад, закрыў вочы на іх, маўляў, новыя арганізатары, першы раз ладзяць…

Але вернемся да 25 лютага 2007 года і 11-й цырымоніі ўручэння ўзнагародаў “Рок-каранацыі 2006”. Пад час яе былі названыя пераможцы ва ўсіх намінацыях, але ўсё па парадку. Першую намінацыю якую разглядалі, гэта была цяжкая музыка, на сцэну КЗ “Мінск” выйшлі прэтэндэнты на ўзнагароду “Таварыш Маўзэр”.

Я не буду спыняцца на якасці гуку, які можна было пачуць пад час выступленняў гуртоў, бо я не гукач, але вельмі характэрнай стала падрыхтоўка да выступлення першага ж гурта-ўдзельніка “Рок-каранацыі”. Праз хвілінаў пяць спробаў адладзіць гук Ян Маўзэр не вытрымаў і спытаў: “На гэтай “Рок-каранацыі” ёсць чалавек, які займаецца гукам? Нас жа 2 тысячы тут, а мы чакаем аднаго чалавека”. Яшчэ праз хвілінаў 5 гурт усё ж такі зайграў, пасля чаго быў абвешчаны першы вынік “Лепшы цяжкі гурт 2006 года” – Rasta за альбом “The Age of Moverment”.

Не буду спыняцца так падрабязна на кожнай намінацыі, таму проста па чарзе. Намінацыя “Пазітыўная музыка” – гурт “Нагуаль” з альбомам “У земли под юбкой”.

У намінацыі “Спеўная паэзія” перамог Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra за альбомы “Танга з ружай” і “Песні з доўгай шуфляды”. Але хочацца дадаць, што ніякага шчасця ці ўдзячнасці на твары спевака асабіста я не заўважыў.

Увесь час пазітыўны Вайцюшкевіч на каранацыі выглядаў як чалавек, якога проста прымусілі спяваць, ды яшчэ і пагражалі. І яшчэ адна цікавостка, не ведаю, ці можна звязаць словы Змітра з яго стаўленнем да ўсёй дзеі, але на пытанне куды ён складае ўсе свае мінулыя кароны, той адказаў, што яны проста б’юцца.

Наступнай абвешчанай намінацыяй стала “Традыцыі і сучаснасць”. Перамог ў ёй гурт Ur’ia з альбомам “Калі-чакра”. Не маю нічога супраць, але музыкі не выйшлі за каронай, чаму? Ёсць думкі, што проста не змаглі прыехаць.

Але слаба верыцца, што ніхто з калектыву не здолеў даехаць з Варшавы. Да таго ж не з пустога месца з’явіліся чуткі пра тое, што лідэр гурта Юры Выдронак проста не захацеў гэтай узнагароды. Але гэтае здарэнне хутка забылася, бо выступалі Стары Ольса, на мой погляд, сапраўдная знаходка для беларускай сцэны.

А пасля гучання на сярэднявечных інструментах песні гурта Nirvana, я ўвогуле стаў шчырым прыхільнікам калектыва.

Нарэшце, я дабраўся да падзеі, адзінай, напэўна, якой арганізатары мяне ўразілі. Гэта нечаканая намінацыя, як яе назвалі спец-прыз “Рок надзея году”. Ідэя супер! Калі сярод, нібыта, мэтраў айчыннага року выступаюць дзеці гадоў па 15, якія саромеюцца, але з-за гэтага на іх яшчэ больш прыемна глядзець, гэта проста класна.

Але я не зусім зразумеў, як выбіралі гэтую надзею, чаму на сцэне КЗ “Мінск” вуступалі ВІА “Візіт”, а не калектыў, які, я ведаю, існуе ў маёй роднай школе. Я іх чуў, і, упэўнены, яны не горш.

Пра намінацыю “Поп-рок” можна проста прамаўчаць, тут без варыянтаў каралі – J:Морс і альбом “Босиком по мостовой”. Але ўсе дакладна ведалі – Пугач не з’явіцца на каранацыі, ці арганізатарам мінулагоднега промаху было мала.

Калі Валодзя падчапіў зоркавую хваробу і лічыць, што сваіх жа прыхільнікаў можна не заўважаць, то навошта ўвогуле ўносіць такіх музыкаў ў спісы намінантаў?

Калі памятаеце, у мінулым годзе ў шматлікіх краінах Еўропы фанаты гурта Guns’n’Roses зачынілі свае сайты, з-за дрэннага стаўлення гурта да сваіх прыхільнікаў. Дык гэта Guns’n’Roses, а хто такія J:Морс, чаму мы ўсе павінны цярпець іх непавагу да нас?

О, галоўная намінацыя “РОК-каранацыі-2006” – “Лепшы хіп-хоп выканаўца”. Што ж яшчэ? Рок і хіп-хоп заўсёды былі братэрскімі стылямі, іх нават складана адрозніць адно ад аднаго.

Але няхай так, ёсць намінацыя давайце выбіраць. Скажыце, як так атрымалася, што карона трапіла ў рукі амаль нікому невядомага калектыва? Я пад час абвяшчэння быў у залі і нешта не заўважыў ніводнага чалавека, які б сказаў: “а, да, клёвыя хлопцы, дастойна”. Звычайна людзі пыталіся адзін у аднаго: “А хто гэта, “Городская тоска”, яны адкуль увогуле выпаўзлі?” Вось і я не ведаю, і мне за гэта шчыра сорамна.

Прабачце мне, паважаныя слухачы, я абавязкова выпраўлюся.

Ідзем далей. У намінацыі “Праект года” раптоўна, не няправільна, зусім нечакана для ўсіх перамагае “Тузін гітоў”. А чаму сярод намінантаў не было “Песень свабоды”? Калі баяліся, што не дазволяць правесці каранацыю, дык навошта было ўводзіць намінацыю “Хіп-хоп выканаўца”, калі яе, упэўнены, рабілі спецыяльна для рэпера Кrou.

Наступная намінацыя – “Кліп года”, перамагае гурт "Apple Tea" з кліпам рэжысуры Уладзіміра Янкоўскага. Не супраць! Сярод намінаваных насамрэч не было лепшага кліпа, але як, прабачце, у “Рок-каранацыю-2006” патрапіў кліп выдадзены ў 2007-ым годзе.

Пра “Рок-выканаўцу” і “Выканаўцу года”, дарэчы, гэта “Атморави” і Ян Маўзэр адпаведна, я проста маўчу. Не не тое, каб я дрэнна ставіўся да таго ж Атморави, нават наадварот, але рок-выканаўца!!!! Ці можа вы мне скажаце, што Яна Маўзэра можна хаця б у якім плане параўнаць з Ігарам Варашкевічам ці Змітром Вайцюшкевічам?

Яшчэ адна намінацыя, у якой калісьці перамагалі такія песні як “Партызанская”, “Паветраны шар” і “Тры чарапахі” N.R.M., “Охотник и сайгак” Neuro Dubel, “Я буду ждать” Аляксея Шадзько, “Белакрылы анёл” Zet. “Хітом-года-2006” становіцца песня N.R.M. пад назвай “Гадзючнік”. Напрыклад, у мяне акрамя ўсмешкі гэтая песня нічога не выклікае, і некалькі разоў я яе слухаць не буду.

Ну і, нарэшце, “Галоўная рок-карона-2006” – гурт Rasta. Не буду казаць пра хлопцаў нічога дрэннага, але ўпершыню я прысутнічаў на “Рок-каранацыі”, дзе пад выступленне рок-караля сыходзяць амаль усе прысутныя.

Я разумею, што ўсё сказанае мной, гэта маё ўласнае ўражанне і ўспрыманне. Можна паспрабаваць спасылацца на складанае становішча як для музыкаў, так і для арганізатараў такіх мерапрыемстваў, але мяркую так, на жаль, далёка не я адзіны. Пагадзіцеся, такога яшчэ не было, каб “Рок-кароль” выступаў перад амаль пустой залай, а гэта, на мой погляд, сапраўдны паказальнік.


На фотаздымку гурт "Rasta"

Фота — www.nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі