РНПЦ ізаляцыі правапарушальнікаў: складаем лякарню мары з дактароў на сутках

Акцыя салідарнасці з беларускімі дактарамі
Акцыя салідарнасці з беларускімі дактарамі

Анколаг, анкаўролаг, траўматолаг, педыятр, хірург-флеболаг, траўматолаг-артапед, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, рэнтгенолаг, мамолаг. Што аб'ядноўвае дактароў з гэтага спіса? Правільна, іх усіх за апошнія дні затрымалі доблесныя беларускія вартавыя парадку, а справядлівыя беларускія суды пакаралі адміністрацыйным арыштам.

Толькі апошнім часам на пратэставых акцыях былі затрыманы больш за 50 медыкаў. Паглядзіце, якая бальніца магла б атрымацца, калі б усе гэтыя спецыялісты працавалі — а не сядзелі — разам.
 

Аддзяленне ультрагукавой дыягностыкі

Прыём вядзе доктар Віталь Хлявіч, мамолаг, доктар УГД. На сайце цэнтра "Медарт", дзе ён працуе, старонку з інфармацыяй пра Хлявіча абнавілі. Цяпер там можна прачытаць не толькі пра яго адукацыю і стаж працы, але і пра тое, калі доктар вернецца з сутак.

"Будзьце здаровыя" — кажа Віталь Мікалаевіч усім сваім пацыентам пасля прыёму, ці гэта была кансультацыя або дыягнастычная пункцыя... Але толькі пасля 21 лістапада ўсе, хто хацеў трапіць на прыём да Хлявіча, змогуць пачуць гэта яго: "Будзьце здаровыя", — пішуць на сайце цэнтра.

РНПЦ изоляции правонарушителей: составляем больницу мечты из врачей на сутках
Акцыя салідарнасці з затрыманымі дактарамі

Аддзяленне траўматалогіі

Па паслугі траўматолага-артапеда Леаніда Глазкіна давялося б з'ездзіць у філіял нашай клінікі — у Жодзіна. Чацвёртага лістапада ён атрымаў ад суда 8 сутак арышту — учора выйшаў на волю.

Але гэта цяпер магілёўскі артапед — парушальнік па 23.34. А ў 2017 годзе пра ўнікальны медцэнтр і медыкаў "з залатымі рукамі", сярод якіх і Леанід Глазкін, расказалі ў сюжэце на "Беларусь 1". Ён працаваў у хірургічным цэнтры на базе дзіцячай абласной бальніцы, дзе лячылі дзяцей з ДЦП. Да магілёўскіх дактароў прыязджалі не толькі з іншых абласцей, але і з іншых краін.

Тамсама, у жодзінскім ізалятары, адбываў пакаранне Яўген Майскі, доктар магнітна-рэзананснай тамаграфіі з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі.

На восем сутак адправілі ў жодзінскі ізалятар траўматолага-артапеда РНПЦ траўмы Руслана Якубоўскага.

А ў ІЧУ на Акрэсціна (у цяперашні момант) адбывае 15 сутак доктар-траўматолаг Ігар Чанцаў.
 

Гінекалагічнае аддзяленне

Станіслаў Салавей, адзін з двух акушэр-гінеколагаў трэцяй гарадской бальніцы Мінска, атрымаў 15 сутак арышту. І зноў гэта не першы выпадак, калі медык трапляе ў навіны. Усяго паўгода таму Салавей звяртаўся да грамадзян Беларусі па дзяржканалах.

Тады, напярэдадні травеньскіх святаў, ён прасіў людзей паклапаціцца пра сябе і навакольных і застацца дома: "Я доктар-гінеколаг, цяпер я працую інфекцыяністам. Калі не хочаце трапіць у бальніцу, на гэтых святах — застаньцеся дома. Мая мама засталася дома".​
 

Аддзяленне педыятрыі

Доктар-педыятр Дзмітрый Палій атрымаў дванаццаць сутак арышту. Дзмітрый Яўгенавіч працуе ў 4-й гарадской клінічнай бальніцы. На Марш людзей з неабмежаванымі магчымасцямі ён адправіўся як медык-валанцёр.

А калі марш скончыўся, Палій перастаў выходзіць на сувязь. Суд прайшоў на наступны дзень. Вынік — 12 сутак.
 

Аддзяленне хірургіі

Дзмітрый Маркелаў — хірург-флеболаг найвышэйшай катэгорыі, гэта значыць займаецца лячэннем варыкозу і сасудзістых паталогій. Восем сутак ён правёў на Акрэсціна за ўдзел у акцыі салідарнасці з адлічанымі студэнтамі медыцынскага ўніверсітэта.

Пятнаццаць сутак атрымала аперацыйная медсястра з найвышэйшай катэгорыяй і трыццацігадовым стажам Жанна Вашкевіч.
 

Анкалагічны цэнтр

Доктар-анколаг МГКАД Святлана Дабрыян і анкаўролаг Аляксандр Мініч атрымалі па 13 сутак арышту. Яны знаходзяцца ў ізалятары ў Жодзіне.

У мінскі ізалятар у завулку Акрэсціна адправілі адбываць пакаранне доктара-рэнтгенолага Ігара Гоціна. Мяркуючы па спісах валанцёраў, там жа знаходзіцца анкахірург Юрый Івашкевіч. Яго пакаралі 12 суткамі арышту.
 

Стаматалагічны кабінет

Свой 67-ы дзень нараджэння ў ізалятары адсвяткуе доктар-стаматолаг Наталля Акімава. Суд прызначыў ёй 15 сутак арышту.
 

Рэанімацыя

Доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг АРІТ для пацыентаў нейрахірургічнага профілю БХМД Уладзімір Кравец таксама атрымаў 15 сутак арышту. Яго стаж — больш за 30 гадоў. Уладзімір Пятровіч працаваў не толькі ў БХМД, але і ў радзільні Мінскай вобласці, і нават год — у Анголе.
 

Аддзяленне неўралогіі

Руслан Бадамшын, доктар-неўролаг РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, асуджаны на 15 сутак арышту. Спецыяліст па дыягностыцы і лячэнні захворванняў цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы адбывае пакаранне ў Баранавічах.
 

Хуткая дапамога

Доктар Ігар Баталевіч атрымаў "суткі" за ўдзел у акцыі салідарнасці медыкаў 7 лістапада. І гэта не першыя яго суткі.

Баталевіч скончыў медуніверсітэт, але дванаццаць гадоў таму пайшоў з медыцыны ў прыватны бізнес, да лета гэтага года не цікавіўся палітыкай. А 10–11 жніўня, сабраўшы камплект медыкаментаў, ездзіў па горадзе, каб дапамагаць пацярпелым. Потым аб'яднаўся з валанцёрамі, а потым яго затрымалі — некалькі дзён доктар правёў на Акрэсціна.

І калі ў медыцыну Баталевіч не вярнуўся, то на Акрэсціна яму вярнуцца давялося — гэтым разам на 14 сутак.

Суды над медыкамі працягваюцца, і, на жаль, кожны дзень спіс патэнцыйных супрацоўнікаў гэтай "клінікі" дапаўняецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі