З грашовай карткі можа знікнуць мільён!

111124 Nasta Bankomaty.mp3

Апошні такі выпадак разбірала нават кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова.


“Банкамат не выдаў мне мільён рублёў. Квітанцыя выйшла, а грошы — не. Гэта было тыдзень таму”, — паскардзіўся Сяргей Паталятаў з Драгічына кіраўніцы Нацбанка падчас прамой лініі, якую праводзіла газета “СБ. Беларусь Сегодня”.


Надзея Ермакова паабяцала разабрацца. І як даведалася Еўрарадыё — гэта дапамагло. Грошы Сяргею вярнулі адразу пасля выходных, кажуць у цэнтры банкаўскіх паслугаў Драгічына. Праўда, займалася гэтым не сама старшыня Нацбанка.


“Кіраўнік такой установы сам асабіста, канешне, тэлефанаваць не будзе. У яго для гэтага ёсць пэўныя спецыялісты, якія гэтым займаюцца… Там жа былі як раз выходныя лістападаўскія. І ў аўторак або ў сераду мы грошы вярнулі. На працягу тыдня”.


Як даведалася Еўрарадыё, кожны месяц здараецца хаця б адзін выпадак, калі пры спробе зняць грошы з карткі банкамат друкуе чэк, але не выдае грошы.


Часам бывае, што чалавек здымае пэўную суму і не просіць раздрукаваць чэк. У "Белаграпрамбанку" супакойваюць, што грошы вернуць у любым выпадку, але толькі калі вы звернецеся з заявай.


"Белаграпрамбанк": “Калі ён не звярнуўся, на жаль, не вернуць грошы. Няма ніякіх заяваў, дакументаў, якія пацвярджаюць, што грошы былі знятыя…”


Такім чынам, калі з вамі здарылася такая непрыемнасць, трэба звярнуцца ў аддзел пластыкавых карт па месцы адкрыцця рахунку, раяць у "Беларусбанку":


“Трэба напісаць заяву па спрэчнай сітуацыі. У далейшым будзе праводзіцца расследаванне. Уся працэдура можа заняць да 30 дзён. Калі гэта ўнутры нашай сістэмы, то бок, банкамат нашага банка, натуральна, нам прасцей, мы можам падняць электронныя рэестры, інкасатараў, прагледзець відэа. А калі гэта банкамат іншага банка, то мы робім афіцыйны запыт у іншы банк. Праводзіцца расследаванне, вынікі якога прыйдуць нам. І, адпаведна, ужо адбудзецца ўзаемазалік паміж банкамі. Таму можа заняць больш часу”.


Але такія выпадкі здараюцца не часта, кажуць у "Белаграпрамбанку".


"Белаграпрамбанк": “Па дадзеных выпадках звяртаюцца вельмі рэдка. У месяц, магчыма, два тэлефанаванні. У асноўным — выпадкі па картках, невяртанне карткі банкаматам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі