Валекс Буяк прымае выклік Лукашэнкі пабіцца: "Гатовы па любых правілах!"

Валекс Буяк: "Я прымаю выклік, няхай выходзіць! Я магу выйсці на татамі, рынг, што ён захоча! Па любых правілах любых відах адзінаборстваў. Паколькі я майстар каратэ, то каратэ можам выключыць, каб хоць нейкай раўнавага была. У Аляксандра Рыгоравіча фізічная форма добрая, таму мы ў больш-менш роўных умовах".

Нагадаем, 16 красавіка Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на апазіцыю: маўляў, нельга было сябе так паводзіць пасля тэракту 4/11. Кіраўнік краіны назваў апазіцыянераў "падонкамі", "ідыётамі" і "пятай калонай".

Аляксандр Лукашэнка: "Вы хочаце мне лоб у лоб супрацьстаяць, тады выходзьце на хакейную, футбольную пляцоўку. Бегаць, скакаць будзем, біцца будзем, страляцца будзем, раз на тое пайшло".

Валекс Буяк кажа, што да апазіцыі ў прынцыпе не належыць, але можа сябе да яе аднесці на такі выпадак.

Валекс Буяк - стваральнік Цэнтра японскай культуры "Ямато" ў 1995 г., выдавецтва "Сэкай-прэс". Валодае шэрагам замежных моваў, сярод якіх эсперанта, японская і кітайская. Мае экстрасэнсорныя здольнасці. Быў прадусарам папулярнага ў сярэдзіне 90-х музычнага дуэта "Дзі Бронкс і Наталі".

Валекс Буяк правёў амаль 8 гадоў у турме, звінавачаны ў стварэнні фінансавай піраміды, выйшаў на волю ў 2004 годзе. Паводле яго словаў, крымінальная справа знаходзілася пад асабістым кантролем Аляксандра Лукашэнкі. У СІЗА Валекс Буяк правёў 112-дзённую галадоўку і адрэзаў сабе фалангу мезінца ў пацвердажнне таго, што не хацеў падмануць укладчыкаў.

Шэраг блогераў таксама абмяркоўваюць ініцыятыву адказаць на "футбольны выклік" Лукашэнкі. Блогер Будзімір піша, што гатовы ўвайсці ў каманду, пры ўмове што ў каманду Лукашэнкі набяруць высокапастаўленых чыноўнікаў, а ў выніку пройгрышу  кіраўнік краіны "пойдзе на пенсію".

Дзмітрый Галко (Будзімір): "Мы сапраўды прымаем выклік і збіраемся з ім гуляць, не ведаю, ці збіраецца ён гуляць з намі. Ужо ёсць 6 чалавек, значыць, больш за палову каманды. У хуткім часе збіраюся падрыхтаваць афіцыйны ліст у Адміністрацыю, каб прэзідэнт адказваў за свае словы"

Футбольны выклік прыняты, далейшае будзе залежаць ад яго, падкрэслівае Будзімір.

Выклікі Аляксадра Лукашэнкі па хакеі і стральбе пакуль астаюцца без адказу.

На фота: Валекс Буяк

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі