У Варшаве адбываецца выстава "старажытных фота"

110928 JashankaBurak.mp3

Адчынілася яна ў
цэнтры культуры “Бэмова” . Тэхніка, ў якой працуе майстар, спалучае жывапіс і
фатаграфію. Называецца яна “гумойль” і палягае на нанясенні святлоадчувальнай
эмульсіі на паперу і на апраменьванні пазітыва ўльтрафіялетавым святлом. Пра
свае працы распавядае сама Анастасія Бурак.

Бурак: “Я хацела
прадэманстраваць людзям менавіта гэтую старую фотаграфічную тэхніку, якая
называецца “гумойль”.  Усю працу трэба
выконваць рукамі, гэта займае шмат часу. Гэтая тэхніка спадабаецца тым
фотамайстрам, якія любяць падоўгу і скрупулёзна працаваць над здымкамі.
Спачатку я раблю эмульсію, якая рэагуе на сонечнае святло і вырабляю негатыў.
Потым на яго я накладваю масляную фарбу і атрымліваю пазітыў”.

Анастасія Бурак
нарадзілася ў Гродна, цяпер навучаецца ў Еўрапейскай акадэміі фатаграфіі ў
Варшаве. Дзяўчына ўпэўнена, што на выставе ў сталіцы Польшчы яна мае шанс быць
заўважанай.

Бурак: “На мае
працы ўжо з’явілася некалькі кліентаў. Адна жанчына пыталася, дзе можна
навучыцца гэтай тэхніцы. Людзі вельмі зацікаўленыя, таму што такая тэхніка
вельмі рэдкая, а працы выглядаюць вельмі цікава”.

Словы
фотамастачкі пацвярджае і мастацтвазнаўца з Варшавы Сільвія Цывіньска, якая
наведала выставу.

Цывіньска: “Гэтыя
працы вельмі ўдалыя і прыгожыя. Пра іх вельмі добра выказваюцца і наведнікі
выставы і спецыялісты. Яны падабаюцца і мне асабіста. З вялікім задавальненнем
павесіла б адну з іх у маёй кватэры”.

Галоўная мара
беларускай фотамастачкі Анастасіі Бурак – зарабляць на жыццё, працуючы ў жанры
фатаграфіі. Дзяўчына шчыра спадзяецца, што яе працы будуць справядліва ацэненыя
і што яны прынясуць сапраўднае задавальненне тым, хто знаецца на мастацтве.