"Трэшчыны ля АЭС сапраўды ёсць. Але сама станцыя будзе на роўным месцы"

Якая ж АЭС — беларуская або літоўская — будзе пабудаваная на тэктанічным разломе і чым гэта пагражае, высвятляла Еўрарадыё.


Пляцоўка будучай Астравецкай АЭС знаходзіцца на тэктанічным разломе, гаворыць старшыня Аддзела глыбінных даследаванняў Літоўскай геалагічнай службы Юрга Лазаускене:


"Яшчэ ў 2007 годзе беларускія даследчыкі (Шароў, Малавічка і інш.) правялі даследаванні і апублікавалі мапу. І нават пасля хуткага яе прагляду бачна, што месца будучай беларускай АЭС знаходзіцца вельмі блізка да аднаго з разломаў, які знайшлі беларускія навукоўцы".


Згодна са словамі спадарыні Лазаўскене, разлом можа зрушыцца на некалькі кіламетраў.


У Міністэрстве прыродных рэсурсаў Беларусі ўпэўненыя, што такую заяву літоўцы зрабілі, бо захваляваліся. Маўляў, самі пабудуюць АЭС на тэктанічным разломе. Пра гэта кажуць здымкі з космасу, заявіў Еўрарадыё начальнік упраўлення экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі Аляксандр Андрэеў.


"У Дэпартаменце геалогіі ёсць падраздзяленне космааэралогіі. Яны зрабілі такі аналіз, алічбоўку картаў, якія атрымалі з амерыканскіх спадарожнікаў. І зрабілі пэўныя высновы пра тое, што менавіта Вісагінская і Ігналінская АЭС знаходзяцца на тэктанічным разломе. Атрымліваецца, што гэта як бы паміж двума плітамі змяшчаецца. І гэтыя пліты могуць гайдацца, у такім разе магчымыя праблемы".


У літоўскай геалагічнай службе пра здымкі з космасу нічога не чулі…


"У мяне няма ніякай свежай інфармацыі наконт гэтых аэракасмічных здымкаў. Мы праводзім цяпер даследаванні, але я змагу іх каментаваць, толькі калі яны будуць гатовыя. Цяпер гэтая інфармацыя канфідэнцыяльная", — кажа Лазаускене.


Беларусам хвалявацца няма чаго, кажа Аляксандр Андрэеў. Пры гэтым ён прызнае, што трэшчыны непадалёк ад месца будаўніцтва АЭС сапраўды ёсць. Але станцыя будзе стаяць на роўным месцы…


Андрэеў: "Так, пры даследаваннях сапраўды знойдзены шэраг трэшчын на гэтай тэрыторыі, але для атамнай станцыі выбраная пляцоўка, якая не мае ніякіх трэшчын — ні трэшчын, ні разломаў, нічога. Нашая пляцоўка выбраная на маналітнай пліце. А ў іх пляцоўка знаходзіцца паміж двума плітамі".


Спадар Андрэеў кажа, што літоўцы, пачуўшы такую інфармацыю, устурбаваліся.


Андрэеў: "Мы зрабілі заяву пра тое, што Вісагінская АЭС на тэктанічным разломе зямной кары, таму Літва захвалявалася. І яны пачалі казаць: беларуская, у такім разе, таксама. Гэта такая адваротная рэакцыя".

Нагадаем, што Беларускую АЭС узвядуць на пляцоўцы, дзе ў 1908 годзе быў землятрус у 7 балаў. На месцы будучай Літоўскай АЭС, пачынаючы з 1616 года, у раёне 250-кіламетровай зоны было зафіксавана 19 землятрусаў. Апошні — у 2004 годзе. Тады адбыўся землятрус у Калінінградскай вобласці, моцай у 4-5 балы. А бліжэйшая кропка да Астравецкай АЭС, дзе магчымы землятрус, — у 39 кіламетрах.

У Літве будаўніцтва АЭС пакуль не пачалося, бо замежныя інвестары яшчэ не выдаткавалі на гэта грошы. У Беларусі АЭС не будуюць, бо яшчэ няма крэдыту ад Расіі. Дарэчы, Літва пабудуе станцыю ў 2 кіламетрах ад Браслаўшчыны, а Беларусь — за 53 кіламетры ад Вільні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі