Беларуская АЭС на 3 мільярды танней за літоўскую?

У  2006 годзе ў Літве вырашылі будаваць новую АЭС. Тады кіраўнікі трох Балтыйскіх краін падпісалі пагадненне аб намеры будаваць станцыю сумеснымі сіламі. У той час Беларусь і Расія 15 сакавіка 2011 года падпісалі пагадненне аб будаўніцтве АЭС. Еўрарадыё вырашыла параўнаць дзве будучыя станцыі, будаўніцтва якіх пакуль не пачалося.

На беларускай станцыі збіраюцца ставіць рэактар расійскай вытворчасці. Тым часам рэактар для літоўскай станцыі вырабяць заходнія фірмы.

“Ёсць палітычная дырэктыва, у якой гаворыцца, што пастаўшчык тэхналогіі мусіць адпавядаць крытэрам еўраатлантычнай інтэграцыі. То бок перамовы цяпер вядуцца толькі з заходнімі фірмамі”, — тлумачыць літоўскі акадэмік Юргіс Вілемас.

Цяпер у Літве разглядаюць прапановы па амерыканскім і японскім рэактарах.

Літоўскую станцыю Юргіс Вілемас ацэньвае ў 12 мільярдаў долараў. Як вядома, пад беларускую АЭС Расія можа выдзеліць крэдыт ад 6 да 9 мільярдаў долараў, з улікам будаўніцтва інфраструктуры.

Ацэнка ўздзеяння літоўскай АЭС на наваколле зроблена ўжо 2 гады як, кажа эксперт.

“Такая ацэнка зробленая ўжо 2 гады таму. Яна прайшла ўсе міжнародныя ўзгадненні з суседзямі і не толькі. З усімі, хто хацеў атрымаць інфармацыю на гэты конт”.


Тады з боку Беларусі былі прэтэнзіі адносна пляцоўкі Вісагінскай АЭС.

“Па некаторых заўвагах літоўскі бок праігнараваў нас. Напрыклад, Вісагінская АЭС будзе размешчаная ў двух кіламетрах ад мяжы з Беларуссю, поруч з нацыянальным паркам "Браслаўскія азёры", і будзе выкарыстоўваць рэсурсы беларуска-літоўскага возера Дрысвяты, дзе адбудзецца змена тэмпературнага рэжыму”, — распавялі ў Міністэрстве прыроды Беларусі.

Да аналагічнага дакумента па Астравецкай АЭС у Літвы таксама ўзніклі прэтэнзіі. Маўляў, той не адпавядае міжнародным нормам. Дарэчы,  канчатковы варыянт ацэнкі ўздзеяння Астравецкай АЭС на наваколле прэзентавалі ў лютым 2011 года.

"Беларусь не праводзіла ацэнку ўздзеяння на наваколле сваёй АЭС у адпаведнасці з міжнароднымі прававымі нормамі, не арганізоўвала публічных слуханняў гэтага праекту ў Літве і двухбаковых кансультацый між Літвой і Беларуссю, як таго патрабуе канвенцыя ЭСПО", — кажа супрацоўнік МЗС Літвы Міндоўгас Лашас.

Што тычыцца адносінаў літоўцаў да будучай АЭС у іх краіне, то большасць пазітыўна ўспрымае “мірны атам”.

“Праводзілася шмат сацыялагічных апытанняў. Паводле іх, жыхары Літвы выступаюць за АЭС. Крыху змяніліся меркаванні пасля Японіі. Аднак тых, хто выказваецца за АЭС, усё адно больш за палову”, — кажа рэдактар рускай версіі літоўскага агенцтва Delfi Сяргей Ерафееў.

У Беларусі таксама рабіліся сацыялагічныя даследаванні. Напрыклад, у 2010 годзе за развіццё атамнай энергетыкі ў краіне  выказваліся 57% апытаных інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі.

Беларускую АЭС узвядуць на пляцоўцы, дзе ў 1908 годзе быў землятрус у 7 балаў. На месцы будучай Літоўскай АЭС, пачынаючы з 1616 года, у раёне 250-кіламетровай зоны было зафіксавана 19 землятрусаў. Апошні — у 2004 годзе. Тады адбыўся землятрус у Калінінградскай вобласці, моцай у 4-5 балы. А бліжэйшая кропка да Астравецкай АЭС, дзе магчымы землятрус, — у 39 кіламетрах.

У Літве будаўніцтва АЭС пакуль не пачалося, бо замежныя інвестары яшчэ не выдаткавалі на гэта грошы. У Беларусі АЭС не будуюць, бо яшчэ няма крэдыту ад Расіі. Дарэчы, Літва пабудуе станцыю ў 2 кіламетрах ад Браслаўшчыны, а Беларусь — за 53 кіламетры ад Вільні.

www.ne.anl.gov

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі