Суд ганьбіць даўжнікоў у сацсетках

Судовыя выканаўцы прысаромліваюць даўжнікоў праз сацыяльныя сеткі. Такую тактыку абралі ў Віцебскім абласным гаспадарчым судзе. Калі інспектары не знаходзяць даўжніка па тэлефоне ці хатнім адрасе, у ход ідуць сацыяльныя сеткі "Вконтакте" і "Аднакласнікі". Суд нават завёў там афіцыйны акаўнт.

"Афіцыйны акаўнт патрэбны для пошуку даўжнікоў, у якіх ёсць старонкі ў сацыяльных сетках. Ёсць даўжнікі, якія не адказваюць на тэлефанаванні, але вядуць актыўны лад жыцця ў сацыяльных сетках. Мы публікуем на іх персанальных старонках паведамленне аб спагнанні запазычанасці", — распавядаюць Еўрарадыё ў судзе.

Зразумела, што людзі не хочуць, каб такое паведамленне бачылі ўсе іх сябры і аднакласнікі. Таму, кажуць судовыя выканаўцы, адразу ж выходзяць на сувязь.

"Неадкладна звязваюцца і пагашаюць запазычанасць. Не буду казаць пра усіх, а за сябе магу сказаць, што не менш за 5 чалавек адшукаў. У іншых таксама ёсць выпадкі", — судовы выканаўца прызнаецца, што акаўнты ў сацсетках завялі зусім нядаўна і шукаюць даўжнікоў толькі 2 тыдні.

Падобнае даўно ўжо практыкуюць у Расіі. Там даўжнікоў шукаюць не толькі суды але і падатковыя інспекцыі. Прычым, распавядае судовы выканаўца, робяць гэта з ананімных падстаўных акаўнтаў.

"У Расіі — пад чужымі нікамі, а мы персанальна ад суда і публічна. Не хаваемся пад чужым імем ці фота, а менавіта ад суда".

Што праўда, не заўсёды так было. Яшчэ у лістападзе 2012 года БелТА паведамляла, як судовыя выканаўцы вылоўліваюць неплацельшчыкаў.

Крэатыўнасць тады таксама праявілі супрацоўнікі гаспадарчага суда Віцебскай вобласці. Судовы выканаўца адшукаў даўжніка, дырэктара фірмы, у сацыяльных сетках. Там пад прапановай замовіць рэкламу прапанаваў сустрэцца. А на сустрэчы запрасіў у гаспадарчы суд і арыштаваў iPhone4 даўжніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі