Першы месяц 2012 года ў фотаздымках

Новы Год

Падчас святкавання Новага Году беларусы змаглі часова забыць пра фінансавы крызіс і іншыя беды 2011-га.

Euronews

1 студзеня ў 0.02 прадпрыемствам “Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі” была спынена трансляцыя ў сталіцы незалежнага канала навін Euronews.

Абмежаваны інтэрнэт

Фота: grodnonews.by

На 5 студзеня ў беларускім спісе абмежаванага доступу было ўжо каля 60 сайтаў. Сярод іх "Хартыя97", "Беларускі партызан", spring96.org, prokopovich.net i prokopovi.ch, блог Яўгена Ліпковіча ў ЖЖ.

TUT.BY

Кіраўнік самага буйнога беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY Юрый Зісер сышоў у творчы адпачынак і паабяцаў вярнуцца на сваю пасаду ўвосень.

Калядаванне

Калядаванне ў вёсцы Бобр Крупскага раёна. Не адчыніў дзвярэй калядоўшчыкам толькі праваслаўны святар.

Скарачэнне Савета міністраў

Апарат Савета міністраў сёлета скароціцца на 20%. На здымку прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч: Скарачаць будзем паступова.

Жахлівы фотафакт

Хітом у Інтэрнэце стаў "жахлівы фотафакт": каўбаса салямі з загадкавай поўсцю. Фотаздымкі прадукта, набытага ў адной з мінскіх крам, з’явіліся на форуме Onliner.by. Еўрарадыё высвятляла, што ж насамрэч магло быць на фота з поўсцю ў каўбасе.

Гатэль "Пекін"

У сталічным парку 40-годдзя Кастрычніка высякалі дрэвы — там пабудуюць гатэль "Пекін". Мінчукі пачалі ладзіць акцыі супраціву і ўлады прызадумаліся. Дарэчы, на тым самым месцы ў 1944-м прайшоў знакаміты партызанскі парад.

Турэмны каляндар

“Турэмны каляндар” прапанавалі беларусам павесіць на відавоку рэкламшчыца Юлія Ляшкевіч і дызайнер Baba-Zhaba. Каб не забывацца пра палітвязняў і лепш разумець, колькі часу людзі губляюць падчас свайго зняволення.

Дэпартацыя расійскіх дыгераў

У Мінску затрымалі групу расійскіх дыгераў з 13 чалавек. Міліцыянты кажуць, што засцераглі ахоўваныя аб'екты сталіцы ад незаконнага пранікнення. Пасля адсідкі "на сутках" расіянам на 5 гадоў забаранілі ўезд у Беларусь.

Тры гады турмы Міколу Статкевічу

12 студзеня палітвязня Міколу Статкевіча ў Шклоўскай калоніі асудзілі на тры гады турмы. На гэты тэрмін ён будзе сядзець у камеры, мець абмежаванні ў спатканнях, перадачах і тэлефанаваннях. Турэмшчыкі палічылі, што Статкевіч не стаў на шлях выпраўлення, а таму заслужыў пераводу ў больш жорсткія умовы.

Пагроза адмены хакейнага чэмпіянату свету

Фота: intex-press.by

12 студзеня сітуацыю ў Беларусі разглядаў Еўрапарламент. Стала вядома, што еўрапейскія палітыкі хочуць ціснуць на афіцыйны Мінск праз пагрозу адмены хакейнага чэмпіянату свету 2014 года ў Беларусі.

Рабочыя ў Магілёве

Салідарнасць па-беларуску: рабочыя ў Магілёве спачатку падпісаліся ў падтрымку таварыша, а пасля адмовіліся.

Саюз палякаў

Прадпрымальнік Станіслаў Сямашка (на здымку) вырашыў пакінуць пасаду старшыні афіцыйнага Саюза палякаў Беларусі. Яму на змену прыйшоў яго намеснік Мечыслаў Лысы.

Costa Concordia


Фота: photo-day.ru

14 студзеня каля берагоў Італіі патануў круізны лайнер “Costa Concordia”. Усе трое беларусаў, якія былі на борце, выжылі і вярнуліся на радзіму. Яшчэ 10 беларусаў цудам не селі на лайнер.

Аварыя пад Мінскам

Пад Мінскам вечарам 14 студзеня перакуліўся турыстычны аўтобус. У выніку аварыі пацярпелі 34 чалавекі, 19 з іх былі шпіталізаваныя.

Дзяржаўны сцяг

На сайце ex-press.by з’явіўся здымак Дому ўрада з парваным на палосы дзяржаўным сцягам. Аднак ужо на наступны дзень карэспандэнт Еўрарадыё пабачыў над будынкам цэлае палотнішча. “Заўхоз” парламента і Савета міністраў Філіп Высоцкі расказаў, што звычайна сцяг вытрымлівае месяц.

Фотасесія ў мінскім метро

17 студзеня ў вагоне мінскага метро зладзіла аголеную фотасесію студэнтка аднаго з ВНУ. Яе затрымалі, праверылі на алкаголь і склалі пратакол за хуліганства, наступствам якога стаў штраф у памеры 70 тысяч рублёў.

Падрыўнікі ў цывільным

18 студзеня ў выбухатэхнічным цэнтры ўнутраных войскаў МУС журналістам паказалі “падрыўнікоў у цывільным”. Такім чынам праваахоўнікі адрэагавалі на публікацыю ў інтэрнэце згодна з якой праз некалькі дзесяткаў хвілін пасля выбуху на станцыі “Кастрычніцкая” з пераходу падняліся на паверхню невядомыя людзі, якія неслі разнастайнае абсталяванне.

Інсталяцыя Алеся Пушкіна

Інсталяцыя мастака Алеся Пушкіна ў гонар 60-годдзя генерала Юрыя Захаранкі падчас адкрыцця "Духоўнага фэста" ў Палацы мастацтваў. Мінск, 18 студзеня. На здымку: супрацоўнік адміністрацыі выставы зрывае з інсталяцыі партрэты зніклых апазіцыйных палітыкаў.

Вадохрышча

Вадохрышча, Мінскі раён, 19 студзеня.

Міністр Куляшоў у Францыі

"Неўязны" міністр Анатоль Куляшоў ездзіў у Францыю. Ён узначальваў дэлегацыю Міністэрства ўнутраных справаў на перамовах з Інтэрполам. Французскі юрыст Віяльм Бурдон ад імя беларускіх пацярпелых прасіў пракуратуру Парыжа арыштаваць Куляшова за парушэнне палажэнняў Канвенцыі ААН супраць катаванняў.

Коўзанка

Самая вялікая коўзанка сталіцы 20 студзеня з'явілася каля Нацыянальнай бібліятэкі.

“Дынама” па-беларуску

Заўзятары хакейнага мінскага “Дынама” выступілі з ініцыятывай увесці беларускамоўнае дыктарскае і дыджэйскае суправаджэнне ўсіх хатніх матчаў клуба. За яе падпісаліся больш за 1600 чалавек.

4,5 гады турмы Алесю Бяляцкаму

Фота: frontlinedefenders.org

24 студзеня прысуд праваабаронцу Алесю Бяляцкаму пакінулі без зменаў (ён быў абвінавачаны ва ўтойванні падаткаў і асуджаны на 4,5 года турмы, людзі сабралі і пералічылі дзяржаве 757 мільёнаў рублёў, якія Бяляцкі мусіў выплаціць паводле рашэння суда). Такі вырак вынес Мінскі гарадскі суд пасля разгляду касацыйнай скаргі. Праваабаронцы-калегі Бяляцкага былі вымушаныя пакінуць кватэру, якая яму належала і паводле прысуду адыходзіць дзяржаве.

Сяброўка тэрарыста Брэйвіка

Нарвежскі тэрарыст Брэйвік у 2005 годзе ездзіў у Беларусь да беларускі Надзі. Еўрарадыё даведалася, што сяброўка Брэйвіка жыла ва Уруччы і вучылася на сацыёлага ў БДУ.

Самая хуткая біятланістка ў свеце

Беларуска Дар’я Домрачава пасля выступленняў на апошніх этапах Кубка свету была прызнаная самай хуткай біятланісткай у свеце. І калі Даша стане больш трапна страляць, ніхто яе дагнаць не зможа.

Серыял "Вышэй за неба"

Апошні дзень здымак першага беларускага маладзёжнага серыялу "Вышэй за неба". Ужо праз тры месяцы ён выйдзе ў эфір.

Прэс-канферэнцыя Ірыны Халіп

Прэс-канферэнцыя Ірыны Халіп, Мінск, 25 студзеня. Халіп пра палітвязня Андрэя Саннікава: "Муж выглядае так, нібыта прайшоў 10 гадоў сталінскіх лагераў". Яна паведаміла, што Саннікава яшчэ 20 лістапада 2011-га прымусілі падпісаць прашэнне аб памілаванні.

БАТЭ

Баскетбалістка Наталля Марчанка пераходзіць у футбольны клуб БАТЭ. Цяпер яна з'яўляецца памочніцай старшыні праўлення клуба Анатоля Капскага.

Дзмітрый Канавалаў


Фота: bymedia

Дзмітрый Канавалаў, асуджаны да расстрэлу за тэракт у мінскім метро, не пісаў прашэння аб памілаванні. Таксама ён не сустракаўся з бацькамі.

Сушы-бітва

У мінскім бізнес-цэнтры "Вікторыя" 28 студзеня прайшла першая ў гісторыі Беларусі сушы-бітва з удзелам майстроў з усёй Беларусі.

Сабачыя гонкі

28 студзеня пад Валожынам прайшлі сабачыя гонкі “Завіруха-2012”. Удзел у спаборніцтвах прынялі больш за сто чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны і Прыбалтыкі.

Першая ракетка свету

28 студзеня беларуская тэнісістка 22-гадовая Вікторыя Азаранка бліскуча выйграла фінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі і стала першай ракеткай свету.

Фота — Еўрарадыё, Reuters, bymedia.net, nn.by, gazetaby.com, svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі