Спецслужбы разграмілі офісы кампаніі "Гавары праўду" па ўсёй Беларусі

22.40. Рэдактар газеты "Товарищ" Сяргей Вазняк затрыманы на трое сутак

Рэдактар газеты "Товарищ" (орган Беларускай партыі левых "Справядлівы свет"), актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Сяргей Вазняк прызнаны падазроным па крымінальнай справе і затрыманы на трое сутак.

Як паведаміў БелаПАН член цэнтральнага камітэта партыі левых Дзмітрый Яненка, Вазняк прызнаны падазроным ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 250 Крымінальнага кодэкса (распаўсюджванне лжывай інфармацыі аб таварах і паслугах).

Паводле слоў Яненкі, журналіста дапытвалі 18 траўня ў Ленінскім РУУС Мінска. Следчы прыняў рашэнне прызнаць яго падазроным і змясціць пад варту на 72 гадзіны.

Разам з Вазняком быў затрыманы яшчэ адзін актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Андрэй Дзмітрыеў. Пакуль у дачыненні да яго інфармацыі няма, але, хутчэй за ўсё, ён таксама будзе затрыманы на трое сутак, сказаў Яненка.

Як інфармуе Радыё Свабода, Андрэй Дзмітрыеў затрыманы на трое сутак, якія ён правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання.

22.20. Някляеву не адказалі, чаму вязуць на допыт уначы

З кватэры Ўладзіміра Някляева вынеслі 4 кампутары і кнігі. Самога паэта следчыя вязуць на допыт у міліцыю Ленінскага раёну, паведамляе Радыё Свабода. Уладзімер Някляеў паспеў сказаць журналістам, калі яго вывелі з кватэры:

"Да тых хлопцаў, якія ў мяне зараз рабілі ператрус, я прэтэнзій не маю. Але маладзёны, якія ўварваліся ў офіс, дзейнічалі неправамерна. Усё было згруджана без усялякага опісу ў кучу. Галоўнае, што яны прыйшлі ў офіс, да таго ж першымі. Што яны там пакінулі, дык можа тое яны і знайшлі".

Уладзімір Някляеў звярнуўся да следчых з пытаннем, чаму яго вязуць на допыт уначы, калі заканадаўства патрабуе рабіць гэта днём. Яму адмовіліся адказаць на гэтае пытанне.

21.56. У кватэры вядомага сацыёлага Андрэя Вардамацкага праведзены ператрус

У кватэры кіраўніка аксіяметрычнай лабараторыі "Новак", вядомага сацыёлага Андрэя Вардамацкага праведзены вобыск, паведаміў БелаПАН старшыня праваабарончага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак.

Паводле яго слоў, першапачаткова была інфармацыя аб тым, што ператрус праходзіць у офісе лабараторыі "Новак". "Калі я прыехаў да офіса, высветлілася, што вобыск праходзіць у кватэры Вардамацкага", — сказаў Гулак.

Ён паведаміў, што ў кватэру да Вардамацкага зайшлі два маёры міліцыі і двое ў цывільным. "Яны прад'явілі санкцыю на вобыск, падпісаную пракурорам Ленінскага раёна Мінска. Мне прыйшлося паскандаліць для таго, каб мяне дапусцілі ў якасці панятога. Паводле слоў тых, хто праводзіў вобыск, яны шукалі ўсё, што парушае закон, — зброю, наркотыкі і гэтак далей.

Яны цікавіліся таксама нейкімі фінансавымі дакументамі, сутнасць якіх не маглі растлумачыць. Зразумела, яны нічога не знайшлі, але ўсё адно хацелі забраць Вардамацкага на допыт. Аднак мы запярэчылі: калі нічога не знойдзена, нагоды для допыту няма", — сказаў Гулак.

Супрацоўнікі міліцыі абмежаваліся тым, што ўзялі ў Вардамацкага тлумачэнні на месцы. "Усе іх пытанні тычыліся грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", — адзначыў Гулак.

Праваабаронца таксама паведаміў, што ў Вардамацкага нічога не забралі, а супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе карэктна.

20.35. На кватэры Ўладзіміра Някляева ідзе ператрус

Ператрус праходзіць у Мінску на кватэры Ўладзіміра Някляева ў яго прысутнасці, паведамляе Радыё Свабода. Следчыя забіраюць у Някляева кампутары, мабільны тэлефон, улёткі і некалькі кніг.

20.17. У Брэсце ў актывістаў кампаніі “Гавары праўду” забралі шарыкі і кампутары

Яўген Бяласін

Міліцыянты таксама павезлі з партыйных, прафсаюзных офісаў і кватэраў дэмакратычных актывістаў самую разнастайную літаратуру.



Старшыня Брэсцкай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў распавёў Еўрарадыё:

"У 12.20 прыйшлі афіцэры міліцыі Захараў Іван Уладзіміравіч, Грышын Данііл Віктаравіч і Шапавалаў Алег Іванавіч з панятымі. Маўляў, узбуджаная нейкая там крымінальная справа, і гэта ёсць падставай для пошукаў. Тут офісаў многа, на гэтым адрасе, які ў пастанове на ператрус. Але міліцыянты чамусьці зацікавіліся менавіта нашым. Тут сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) месціцца і Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Брэсцкае аддзяленне. Забралі частку архіва агітацыйнай літаратуры, улёткі на выбары, бюлетэні прафсаюзныя. Каля 2-3 тысячаў паштовак “Гавары праўду” забралі, каля ста шарыкаў “За праўду” і столькі сама кніг Уладзіміра Някляева. Кампутары павезлі абодва і асабісты ноўтбук Ганны Канюс". 

Таксама паралельна пачаўся ператрус дома ў Ганны Канюс, старшыні гарадской арганізацыі БСДП (Грамада), сказаў спадар Лазарэнкаў.

Спадарыня Канюс пацвердзіла: бацька паведаміў па тэлефоне, што вынеслі з дому кампутар і яе паперы.


На здымку: Офіс Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пасля ператрусу.

Міліцыянты хацелі таксама трапіць у офіс Брэсцкай абласной арганізацыі Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які месціцца ў тым самым будынку, што і абшуканыя офісы. Але не было старшыні Зінаіды Міхнюк. Быў выказаны намер адкрыць дзверы аўтагенам, сказаў юрыст прафсаюза Ўладзімір Малей. Яму растлумачыць мэту ператрусу міліцыянты не захацелі.

А 18-й гадзіне каля офіса па-ранейшаму знаходзіліся міліцэйскія аўтамашыны (на здымку).



19.50. Цэнтральны офіс кампаніі апячатаны, месцазнаходжанне Някляева невядомае

Праваахоўнікі вечарам у аўторак апячаталі цэнтральны офіс кампаніі "Гавары праўду" ў Мінску. Перад адгэтуль былі вынесеныя друкаваныя матэрыялы, сістэмныя блокі кампутараў. Высветлілася, што Ўладзіміра Някляева там не было. Яго месцазнаходжанне невядомае, паведамляе Радыё Свабода.



19.20. З мінскага офіса кампаніі "Гавары праўду" праваахоўнікі вынеслі маёмасць

Маёмасць пачалі выносіць супрацоўнікі праваахоўных органаў з мінскага офіса кампаніі "Гавары праўду" ўвечары ў аўторак. Як паведамляе БелаПАН, з памяшкання выносілі друкаваныя матэрыялы, сістэмныя блокі кампутараў, маніторы, ноўтбукі і іншыя рэчы.


18.40.
Палітсавет АГП пратэстуе супраць затрыманняў сваіх актывістаў і вобыскаў

Палітсавет Аб'яднанай грамадзянскай партыі 18 траўня прыняў заяву, у якой выказвае пратэст у сувязі з затрыманнямі сваіх актывістаў і вобыскаў на іх кватэрах.

У заяве адзначаецца, што супрацоўнікі сілавых структур затрымалі і правялі вобыскі на кватэрах актывістаў АГП Юрыя Фабішэўскага, Аляксандры Васілевіч, Дзмітрыя Бандарчука, Віталя Гуляка.

Палітсавет АГП патрабуе ад прадстаўнікоў сілавых структур тлумачэнняў, а таксама звяртаецца да міжнароднай грамадскасці з заклікам выказаць салідарнасць з усімі затрыманымі 18 траўня.

Палітсавет АГП лічыць, што затрыманні звязаныя з прэзідэнцкай кампаніяй. У заяве адзначаецца, што "ўлада можа кантраляваць сітуацыю толькі брутальнымі сілавымі метадамі. Тое, што адбываецца, сведчыць, што Лукашэнка не ўпэўнены ні ў сабе, ні ў тым, што ён можа кантраляваць сітуацыю напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі", паведамляе БелаПАН.

***

18.30. Ператрус у кватэры лідэра кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Алены Мядзведзевай працягваўся 5 гадзінаў

Алесь Сушчэўскі


У Бабруйску ператрус у кватэры лідэра кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Алены Мядзведзевай цягнуўся каля 5 гадзінаў. У гэты час у кватэры знаходзілася толькі 9-гадовая ўнучка Алены. Міліцыянты з з псіхолагам і панятымі і прыгразілі выламаць дзверы. Спалоханая дзяўчынка адчыніла.

Агулам з дома вынеслі каля 100 прадметаў. У тым ліку два кампутары, якія належаць дзецям.

***

17.45. Ператрус у Жодзіне скончыўся

Еўрарадыё

Завяршыўся ператрус на офісе грамадскай ініцыятывы "Незалежная рэспубліка Жодзіна" і незалежнага сайту www.zhodzina.info.

Міліцыянты канфіскавалі ўсе носьбіты інфармацыі: 2 кампутары, ноўтбук, дыскі, флэшкарты, праектар, кнігі, розныя паперы. Кіраваў ператрусам супрацоўнік КДБ з Мінску. Сам ператрус ладзіў жодзінскі аддзел міліцыі па барацьбе з наркотыкамі. Усе дзеянні здымаліся на відэа.

Актывіста ініцыятывы "Незалежная рэспубліка Жодзіна" Яўгена Герасіменку, які знаходзіўся на офісе падчас ператрусу, дапытвалі пра фінансавыя сродкі ініцыятывы. Міліцыянеры распытвалі, ці не звязаная іх ініцыятыва з рухамі "Вперёд"і "Гавары праўду!". Пры ператрусе міліцыянты паводзілі сабе жорстка, пагражалі і лаяліся.

Пасля гэта Яўгена Герасіменку яшчэ запрасілі прыйсці пешшу на допыт у жодзінскую міліцыю. На допыце яму задавалі тыя ж пытанні, што і падчас ператрусу.

***

17.35 Следчыя забралі "Чарнобыльскі звон"

Пра гэта Радыё "Свабода" распавёў адзін з дапытаных актывістаў кампаніі "Гавары праўду" Міхась Башура.

Уладальнік звону Алесь Шатэрнік пакінуў яго ў Міхася, калі з'язджаў за мяжу. Гэты звон заўсёды нясуць наперадзе "Чарнобыльскага шэсця". Некалькі разоў міліцыянты забіралі звон разам з гукаўзмацняльнай апаратурай у арганізатараў акцыі.

Цяпер ён будзе знаходзіцца ў міліцыі Ленінскага раёну разам з камп'ютарамі і друкаванай прадукцыяй.

***

17.30 Генадзь Бураўкін: У мяне няма лагічнага тлумачэння дзеянням міліцыянтаў

Зміцер Лукашук

Менавіта так пракаментаваў Еўрарадыё паэт Генадзь Бураўкін ператрусы ў офісах грамадскай кампаніі “Гавары праўду!” і на кватэрах яе актывістаў.

Генадзь Бураўкін: "Заклік гаварыць праўду, заклік даводзіць праўду да шырокіх мас людзей – гэта вельмі добрая справа. І я думаю, што для разумнай, цывілізаванай улады веданне праўды – гэта зарука разумнага і плённага функцыянавання".

Эксперт кампаніі “Гавары праўду!” Аляксандр Фядута выказаў меркаванне, што ператрусы звязаныя з ініцыятывай па перайменаванні вуліцы Ўльянаўскай у Мінску ў вуліцу імя Васіля Быкава. Але Генадзь Бураўкін не згодны з гэтым. Па яго словах, сабраныя ў падтрымку ініцыятыву кампаніі 10 тысяч подпісаў не з’яўляюцца аргументам для такіх дзеянняў міліцыі і спецслужбаў.

***

17.13 Чавусаў: Ператрусы ў кампаніі "Гавары праўду" рыхтаваліся загадзя

Віталь Ругайн

Палітолаг Юры Чавусаў не лічыць, што ператрусы ў офісах кампаніі "Гавары праўду", звязаныя з інтэрв'ю Казуліна ці перайменаваннем вуліцы Ўльянаўскай у вуліцу Быкава. Мэта уладаў - знішчыць саму кампанію. Ці атрымаецца гэта, залежыць ад мэтаў самой кампаніі.

Чавусаў: "Я не думаю, што нагодай для дадзенага канкрэтнага хапуна стала канкрэтная падзея, заява ці ініцыятыва за перайменаванне вуліцы Ўльянаўскай у Быкава. Натуральна, што такія аперацыі рыхтуюцца загадзя. Гэта скаардынаваная, раней спланаваная аперацыя. Скіраваная на тое, каб знішчыць саму гэтую кампанію. Калі сапраўды ёсць грамадская ініцыятыва, якая шукае нейкай рэалізацыі, то кампанія застанецца - такімі ператрусамі яе не задушыш. Калі ж кампанія створаная штучна, напампаваная грашыма і спраектаваная паліттэхнолагамі пад нейкі палітычны праект, то якраз такімі дзеяннямі такія праекты і знішчаюцца".

Кампанія "Гавары праўду" не абвяшчала свае мэты палітычнымі і не збіралася вылучаць некага ў прэзідэнты. Але, кажа сп.Чавусаў, сама структура кампаніі і склад актывістаў сведчылі пра перадвыбарчы характар ініцыятывы.

Беларускія ўлады, на думку эскперта, хвалюе схема кампаніі - падключэнне ўсходняга рэсурсу пад ажыцяўленне апазіцыйных акцый.

"На фоне пагаршэння адносін з Крамлём такія ініцыятывы беларускім уладам падаюцца небяспечнымі. У адрозненне ад тытульнай апазіцыі, я маю на ўвазе зарэгістраваныя палітычныя партыі, якім дазваляецца рыхтаваць палітычныя кампаніі", - мяркуе Чавусаў.

***

17.05 Ператрус у кватэры бабруйскай прадпрымальніцы Алены Мядзведзевай

Алесь Сушчэўскі

У кватэры лідэра кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Алены Мядзведзевай зараз адбываецца ператрус. Пра гэта стала вядома з ананімнай крыніцы.

Перад тым, як з ёй знікла сувязь, Алена Мядзведзева паспела паведаміць, што папярэдне яе выклікалі ў міліцыю на размову. Але ісці на допыт без позвы Мядзведзева адмовілася.

***

17.00 Пры ператрусе ў брэсцкім офісе сацыял-дэмакратаў забралі аргтэхніку і брашуры

У Брэсце ператрус у офісе абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) ладзілі тры міліцыянты. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на партыйнага актывіста Валянціна Лазарэнкава, яны спаслаліся на пачатую ў Мінску крымінальную справу.

Ператрус адбываўся з 12.20 да 14.45. З офісу канфіскаваныя два сістэмныя блокі кампутараў і ноўтбук, а таксама брашуры Беларускага Хельсінкскага камітэта, агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя савету ад партыі. Міліцыянты таксама забралі паштоўкі грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", надзіманыя балонікі з лагатыпам кампаніі, а таксама каля 100 асобнікаў зборніка вершаў паэта Ўладзіміра Някляева - кіраўніка кампаніі "Гавары праўду".

***

16.23 Як паведамляе БелаПАН, у міліцыі Ленінскага раёна сталіцы цяпер знаходзяцца каля 15 актывістаў кампаніі "Гавары праўду". Журналістаў ва ўпраўленне не пускаюць.

Затрыманых дапытваюць у рамках крымінальнай справы. Па адных звестках, яна распачатая ў сувязі з незаконным набыццём тэхнікі, па іншых — па факце паклёпу.

Ператрус у мінскім офісе грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" доўжыцца ўжо больш за тры гадзіны.

Паводле звестак Радыё "Свабода", ператрус праходзіць на кватэры вядомага сацыёлага Андрэя Вардамацкага, а таксама ў публіцыста Аляксандра Фядуты і журналіста Сяргея Вазняка.

***

15.40 Адзін з затрыманых Юры Алейнік пасля допыту распавёў, што падчас допыту следчая не адказала на пытанне, па якой справе яго дапытваюць у якасці сведкі. Па словах Алейніка, якія перадае Радыё "Свабода", на офісе міліцыянты ўвесь час паўтаралі, што ператрус адбываецца ў рамках крымінальнай справы па 250-м артыкуле Крымінальнага кодэксу (распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі). На допыце следчая распытвала, якое дачыненне Юрась Алейнік мае да кампаніі "Гавары праўды", што ведае пра публікацыю друкаваных матэрыялаў ці атрымлівае грошы ад кампаніі.

На думку актывіста, такім чынам улады хочуць спыніць дзейнасць кампаніі, запалохаць яе ўдзельнікаў, а таксама перашкодзіць удаламу старту акцыі па перайменаванні вуліцы Ўльянаўскай у Мінску ў вуліцу Васіля Быкава.

***

15.40 Ператрус у Ваўкавыску

Ператрус адбываецца зараз у сябра АГП Віталя Гуляка. Па тэлефоне ён толькі сказаў, што яго праводзяць міліцыянты з Гродна.

Што шукаюць і чаго хочуць міліцыянты, Віталь Гуляк не зразумеў. Праўда, сказаў, што кампутар канфіскоўваюць.

***

15.30 На офісе "Незалежнай рэспублікі Жодзіна" праходзіць ператрус

Еўрарадыё

У 12.25 супрацоўнікі МУС і КДБ уварваліся у офіс грамадскай ініцыятывы "Незалежная рэспубліка Жодзіна" і незалежнага сайту www.zhodzina.info. На той момант у офісе знаходзіўся адзін з валанцёраў ініцыятывы — Яўген Герасіменка. На цяперашні момант сувязь з ім адсутнічае.

Па словах жодзінскіх актывістаў, іх ініцыятыва не звязаная з кампаніяй "Гавары праўду".

***

15.10 У Брэсце адбываецца ператрус у офісе БСДП (Грамада)

Як паведамляе БелаПАН, ператрус пачаўся ў 10.00. Па звестках на 14.25, ён яшчэ не завершаны.

Паводле непацверджанай інфармацыі, у офісе арганізацыі знаходзяцца намеснік старшыні Брэсцкай абласной структуры сацыял-дэмакратаў Валянцінаў Лазарэнкаў і старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі партыі Ганна Канюс. Іх мабільныя тэлефоны і тэлефон у офісе не адказваюць.

Як даведалася Еўрарадыё, ператрус адбыўся дома ў Зінаіды Міхнюк, кіраўнічкі Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў радыёэлектрычнай прамысловасці (РЭП).

***

14.55 У кватэры брэсцкага каардынатара кампаніі "Гавары праўду” ідзе ператрус
 
Яўген Бяласін

Ператрус праходзіць у кватэры каардынатара кампаніі “За праўду!” па Брэсцкай вобласці Арцёма Церашонка. Ён паспеў назваць Еўрарадыё толькі свой адрас. Далей сувязь перарвалася.

Адзначым, што ў апошні месяц брэсцкія актывісты кампаніі правялі некалькі акцыяў, якія мелі вялікі розгалас у сродках масавай інфармацыі.

***

14.50 У Магілёве на офісе мясцовага дабрачыннага сацыяльнага фонда "Шчырасць" забіраюць усе дакументы па гаспадарчай дзейнасці, банкаўскія дамовы, два сістэмныя блокі ад кампутараў, матэрыялы апазіцыйнага характару. Што за матэрыялы - міліцыя не тлумачыць. Міліцыянты кажуць, што забяруць усё, што палічаць патрэбным. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік фонда Ігар Каваленка.

Каваленка: "Фонд, які дапамагае дзецям, донарам крыві і ўсім астатнім, ён, аказваецца, апазіцыйны. Гэта звязана з кампаніяй "Гавары праўду". Забіраюць любы матэрыял аб кампаніі. Гэта адбываецца па ўсёй Беларусі ў кватэрах, дамах, офісах. Ператрусы праводзяць на падставе пастановы следчага Ленінскага раёна горада Мінску, з санкцыі пракурора Ленінскага раёна. Напісана "ў рамках пачатай крымінальнай справы пад нумарам такім-то". Якая справа - ніхто не тлумачыць".


***

14.40 Як паведамілі Еўрарадыё людзі, заспетыя міліцыянтамі на мінскім офісе "Гавары праўду", ператрус ладзіцца ў рамках крымінальнай справы па незаконным набыцці аргтэхнікі. Акрамя таго, міліцыянты распытваюць прысутных, чаму яны знаходзяцца ў памяшканні і што там робяць.

***

14.30. У Гродне ў гэтыя хвіліны ідзе ператрус у мясцовага прадстаўніка кампаніі "Гавары праўду!" Ігара Ламекі. Мабільны тэлефон Ігара не адказвае. Па словах яго калегаў, Ламеку прыкладна 1,5 гадзіны таму забралі з працы людзі ў цывільным.

***

14.00 На мінскім офісе кампаніі ідзе ператрус. Тэлефоны каардынатараў і прэс-службы кампаніі не адказваюць. Як паведамляе Радыё "Свабода", аналагічныя ператрусы ідуць у офісах кампаніі ды ў кватэрах актывістаў у Гомелі і Брэсце.

Міліцыя затрымала галоўнага рэдактара газеты "Товарищ" Сяргея Вазняка, які апынуўся на мінскім офісе кампаніі. Затрыманага журналіста Аляксандра Ўліцёнка, паводле некаторых звестак, міліцыянты павезлі дадому - ладзіць ператрус там.

Таксама прыходзяць паведамленні пра ператрус на офісе сацыялагічнай лабараторыі "Novak" Андрэя Вардамацкага, ператрусы ў Барысаве і Жодзіне.


Супрацоўнікі спецназу не падпускалі журналістаў да мінскага офіса кампаніі "Гавары праўду"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі