Рональд Пафала сустракаецца з беларусамі ў Вільні (АБНОЎЛЕНА)

Кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Нямеччыны, федэральны міністр па асобых даручэннях Рональд Пафала сёння сустракаецца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, з журналістамі і студэнтамі ЕГУ ў Вільні.


Візіт спадара Пафала ў Вільню цалкам прысвечаны беларускаму пытанню. Ён ужо сустрэўся з прадстаўнікамі экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі.


А 10-й гадзіне распачалася сустрэча са студэнтамі ЕГУ. Туды журналістаў папрасілі не пускаць, "каб весці адкрытую размову".


Міністр сустрэўся з беларускімі журналістамі. Ва ўступнай прамове спадар Пафала адзначыў, што "наша кароткатэрміновая мэта — патрабаванне неадкладнага вызвалення зняволеных і адмена забаронаў на свабодную прэсу". Паводле яго слоў, Нямеччына будзе рабіць усё магчымае, каб падтрымаць беларускую недзяржаўную прэсу, грамадзянскую супольнасць.

Пафала гаворыць, што Нямеччына не ацэньвае перакваліфікацыю абвінавачання шэрагу ўдзельнікаў Плошчы, як нейкія паслабленні.


Пафала: "Санкцыі не павінны быць такімі, каб пацярпелі людзі... Таму давядзецца вельмі пільна падыходзіць да дэталяў".

У адказ на пытанне пра пагрозу закрыцця незалежных газет "Наша ніва" і "Народная воля", спадар Пафала адзначыў, што "закрываць незалежныя газеты непрымальна". "Мы будзем гэта крытыкаваць, як крытыкуем разгон мірных дэманстрантаў. Трэба прымусіць рэжым ціскам звонку, каб ён даў вам працаваць. Ёсць магчымасць працаваць для журналістаў звонку, з інтэрнэта. Мы будзем падтрымліваць такую дзейнасць", — сказаў Рональд Пафала.

Пафала: "Мы абмяркоўвалі заклапочанасць літоўскага ўраду ў сувязі з планамі будаўніцтва беларускай АЭС у 50 кіламетрах ад Вільні, якая, на нашу думку, не будзе адпавядаць міжнародным стандартам і патрабаванням... Федэральны канцлер і французскі прэзідэнт цяпер робяць захады ў адваротным кірунку, каб патрабаванні для такіх станцый былі яшчэ большыя".

Пафала кажа, што паміж Раством і Новым Годам размаўляў з кіраўнікам адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Макеем. Было падкрэслена, што "неабходна вызваліць палітзняволеных і што пакуль гэта не будзе зроблена, "кантактаў з рэжымам не будзе". І дагэтуль больш кантактаў не было, адзначыў спадар Пафала.

Спадар Пафала адзначае, што Нямеччына з заклапочанасцю сочыць за эканамічнай сітуацыяй у Беларусі. Ён размаўляў з бізнэсменамі, якія маюць эканамічныя сувязі з Беларуссю. "Ад іх я чую пра вялікую стрыманасць інвестараў, бо яны зацікаўленыя, каб інвестыцыі былі рэнтабельныя, а гэта можа быць толькі ў палітычнай сістэме, якой можна давяраць", — сказаў нямецкі міністр. Паводле яго слоў, інвестары "вельмі стрыманыя пасля падзеяў 19-га снежня", бо для іх "непрымальна тое, што тут адбылося".

Пафала: "Я ўпэўнены, што нашая ацэнка падзеяў правільная і нам нельга аслабляць нашу барацьбу за вызваленне палітвязняў".

Рональд Пафала адзначыў, што надзеі на пазітыўны дыялог з афіцыйным Мінскам "былі разбітыя брутальным чынам 19 снежня". Ён падкрэсліў, што Нямеччына ўважліва сочыць за судамі над удзельнікамі Плошчы і сітуацыяй з недзяржаўнай прэсай.

"Чорных спісаў" будзе недастаткова, каб адэкватна рэагаваць на падзеі ў Беларусі, сказаў Пафала.

На фота: Рональд Пафала і рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі