Расія чакае чарговыя саступкі з боку Беларусі ў абмен на нафту?

Патрабаванне ратыфікацыі дамовы аб пастаўках расійскай нафты — проста
нагода, лічыць журналіст “КоммерсантЪ”. Юрыдычна для Расіі дастаткова
падпісання самога пагаднення.

Калі дэпутаты не ратыфікуюць пагадненне аб пастаўках расійскай нафты да
15 лютага, Беларусь не зможа атрымліваць сыравіну без пошліны, — такую
інфармацыю распаўсюдзіла расійская газета “КоммерсантЪ”.

Але згодна з меркаваннем загадчыка аддзела эканамічнай палітыкі газеты
“КоммерсантЪ” Дзмітрыя Бутрына, ратыфікацыя — усяго толькі нагода.
Расія будзе гатовая не звяртаць увагі на гэтыя фармальнасці ў адказ на
іншыя саступкі з боку Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі:

Дзмітрый Бутрын: “Я думаю, што юрыдычна для Расіі дастаткова падпісання самога
пагаднення. То бок тэхнічных праблемаў тут мінімум, тым больш што
прававая сістэма Беларусі нашмат больш гнуткая ў гэтых адносінах. У вас
жа даволі нядрэнна гэта рабілася, калі рэальна гэта патрэбна.

Там ёсць другі слой перамоваў і даволі закрыты. Юрыдычна ратыфікацыя
— гэта нагода. У той момант, калі будуць узгодненыя іншыя праблемы… у
гэты момант выявіцца, што ратыфікацыя не такая і патрэбная, або яе
можна замяніць на ўказ прэзідэнта”.

Паводле словаў журналіста, ёсць варыянт, што нават ратыфікацыі не хопіць:

Дзмітрый Бутрын: “Расійскія юрысты будуць шукаць іншыя зачэпкі, каб нашых нафтавікоў не
пускаць на знешні ў адносінах да Расіі рынак у гэтым месцы. Прычын, каб
гэтым займацца, у расійскага ўраду шмат”.

Беларускі эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што пакуль Беларусь не
ратыфікуе пагадненне, нафта нам будзе ісці выключна па 100% пошліне —
так, як ідзе цяпер. Ратыфікацыя спатрэбілася расійскаму ўраду, каб
перастрахавацца і быць упэўненымі, што Беларусь не будзе спрабаваць
перагуляць пагадненне:

Сяргей Чалы: “Наша дэлегацыя ўмудрылася падпісаць такія дакументы, якія цалкам
азначалі нашу капітуляцыю. Калі, вярнуўшыся, зразумелі, што нам гэта не
выгадна, пачалі шукаць нейкія лазейкі. Натуральна, што рускія даволі
хутка ўсе гэтыя лазейкі паспрабавалі прыкрыць.

Нашыя спачатку меркавалі, што на гэтых 6,3 мільёнах тон бяспошліннай
нафты працягнуць да 1 ліпеня, а калі пойдзе паўнавартасны Мытны саюз,
ужо ў яго межах дамовяцца пра бяспошлінныя пастаўкі, і тады ўвогуле
атрымоўвацца ўсё без пошліны.

Але Расія нам кажа: у вас гэта не атрымаецца. Калі вы цяпер не
ратыфікуеце гэта пагадненне, то бяспошліннай нафты вы ўвогуле не
пабачыце”

Тым часам ратыфікаваць пагадненне беларускі парламент наўрад ці паспее.
Вясновая сесія пачнецца толькі ў красавіку. А склікаць пазачарговую
сесію пакуль не плануюць, паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе Палаты
прадстаўнікоў.

Прэс-служба: “У мяне няма інфармацыі пра тое, што будзе надзвычайная сесія”.

На момант напісання рэпартажу да 15 лютага застаецца ўсяго толькі 3
працоўныя дні. А пра пазачарговую сесію не ведаюць нават дэпутаты. Але
старшыня камісіі па паліўна-энергетычным комплексе парламента Сяргей
Сямашка лічыць, што пытанне могуць вырашыць і без ратыфікацыі:

Сяргей Сямашка: “Я думаю, што ўрад займаецца гэтым пытаннем. І, вядома, калі
спатрэбіцца ратыфікацыя, калі ўрад палічыць гэта неабходным, то парадак
склікання надзвычайнай сесіі ў нас ёсць, ён прапісаны, калі гэта будзе
неабходна. Але я думаю, што, напэўна, яны вырашаюць пытанні і без
гэтага”.

Нагадаем, што, паводле пагаднення, якое падпісалі 27 студзеня, Расія
дасць Беларусі квоту ў 6,3 мільёны тон нафты на бяспошлінны ўвоз
нафты для ўнутранага карыстання. Гэта пры тым, што, паводле некаторых
крыніц, першапачаткова нашая краіна прасіла 20 мільёнаў.