Праваабаронцы: Віна ніводнага асуджанага за плошчу не была даказана цалкам

Амаль кожны трэці з больш як 700 затрыманых 19 снежня грамадзян запоўніў спецыяльную анкету, адказаўшы, як адбывалася затрыманне, што адбывалася ў судзе і пасля – у ізалятары. Праваабаронцы з Міжнароднай назіральніцкай Місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі разам з беларускімі спецыялістамі прааналізавалі анкеты і прадставілі вынікі свайго даследавання.

"Парадаксальная рэч: з усіх больш як 700 затрыманых і асуджаных няма ніводнага чалавека, віна якога была б цалкам даказана паводле ўсіх неабходных працэдур", – распавёў юрыст Цэнтра прававой трансфармацыі Аляксей Казлюк.

205 прааналізаваных праваабаронцамі анкет сведчаць, што гвалт ужылі да кожнага чацвёртага затрыманага дэманстранта, прычым часта разам з абразамі і прыніжэннем.

Вядомы расійскі праваабаронца, сябра праўлення Міжнароднага “Мемарыяла” Ігар Сажын"Гэта прытым, што многія з апытаных стаялі з паднятымі рукамі, паказвалі, што не збіраюцца ўжываць сілу, супраціўляцца і гэтак далей".

Шмат затрыманых правялі да 12 і болей гадзін у перапоўненых халодных аўтазаках. З анкетаў вынікае, што і ў міліцэйскім аўтатранспарце многія зведалі прынізлівае і жорсткае абыходжанне. Напрыклад, людзей прымушалі ляжаць тварам уніз, ім не давалі піць, выходзіць у туалет. Падобнае назіралася і пры складанні пратаколаў.

Ігар Сажын: "У месцах афармлення пратаколаў людзе расстаўлялі па шмат гадзін у прынізлівыя позы, напрыклад, па 5 і болей гадзін ляжаць на падлозе з загнутымі за галаву рукамі".

На гэтым фоне парушэнне законных працэдур у судзе выглядала асабліва здзеклівым, сцвярджаецца ў аналітычнай запісцы праваабаронцаў. Паводле яе, судовыя працэсы праходзілі канвеерна – надзвычай хутка і без асаблівага разбору. Сведкаў-міліцыянтаў, якія згодна са складзенымі пратаколамі праводзілі затрыманне, на працэсах не было. Ды і самі пратаколы ў сваёй большасці складаліся аднолькава, з няслушным указаннем часу і месца затрымання.

Ігар Сажын: "На судовыя працэсы не дапускалі сведкаў. Напрыклад, затрыманы кажа: ёсць людзі, якія могуць засведчыць, што я не туды ішоў. Але суд кажа: стоп, не дазволена. І так – масава. Таксама на працэсы не пускалі сваякоў і журналістаў".

Праваабаронцы плануюць звярнуцца да ўладаў з канкрэтнымі прапановамі, як пазбегнуць падобных парушэнняў правоў чалавека ў будучыні. А таксама збіраюцца праінфармаваць пра гэта міжнародную супольнасць.

Праваабаронцы таксама заклікаюць усіх асуджаных за акцыю 19 снежня звярнуцца да іх і абяцаюць дапамагчы скласці належную скаргу. Пакуль жа з больш як 700 чалавек такія скаргі падрыхтаваныя ад імя 40 чалавек.

Тэлефон мінскага офіса Беларускага хельсінскага камітэта: (017) 222 48 01

На фота: (злева направа) юрыст Цэнтра прававой трансфармацыі Аляксей Казлюк, сябра праўлення Міжнароднага "Мемарыяла" Ігар Сажын, старшыня праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі