“Петля Пристрастия”: Праз 20 гадоў пагаворым — абрыдаемся!

130423_ma6a_petlia.mp3

Паўтары гадзіны “Петля Пристрастия” чакае сваіх прыхільнікаў. Музыкі нязгодныя выходзіць на сцэну, пакуль не запоўніцца танцпол. І ён запаўняецца максімальна! Толькі тады канцэрт-прэзентацыя новага альбома “Фобос” пачынаецца.

“Добры альбом, — запэўнівае глядачка Інга. — Цікава назіраць, як “Пятля” развіваецца. Ёсць адчуванне, што калі раней гэта было свята, то цяпер гэта раніца пасля свята з аналізам таго, як гэта ўплывае на тваё жыццё. Ну, і ўвогуле, любім “Пятлю” за іх філасофскія, канцэптуальныя тэксты, за музыку з надрывам. У цэлым, годны калектыў!”


Побач з “ТЭЦ”, да якой слухачы Еўрарадыё прыдумлялі рыфмы ў дзень канцэрта, гучыць правераная часам “Кармой велогонщика”. Тут жа гучыць песня, прысвечаная “Северному посёлку и жителям, которые там живут”, і набор фірмовых “сумных песень”. Чад, угар, слэм і імпульсіўны верхні брэйк ад Чарапко-Самахвалава. Пара Юля і Толя ў захапленні:

Юля: “Вельмі здорава! Выдатны канцэрт! Весела, і ўвогуле…”

Толя: “Новы альбом у іх цудоўны! Хітоў некалькі ў іх тут будзе”.

Юля: “І раней было класна, а цяпер увогуле! І яшчэ гэта супала з наступленнем вясны”.


“Прыходзьце на нашы канцэрты праз 20 гадоў — нам будзе пра што пагаварыць, абрыдаемся”, — бліжэй да сярэдзіны канцэрта Ілля Чарапко-Самахвалаў робіцца сентыментальным. Відаць, не без дапамогі “добрай феі” — хлопца Жэні, які раптам узнікае на сцэне і дорыць спеваку кілішак “чароўнага нектару”.

Бас-гітарыст гурта Цімафей Савіцкі распавядае кранальную гісторыю пра Лёху, які 200 км. працягнуў на буксіры зламаны бус з музыкамі ў Дзень нараджэння сваёй жонкі. А музыкі ехалі на піцерскую прэзезентацыю “Фобоса”. Цімафей нагадвае:

“У гэтым жыцці трэба намагацца, нягледзячы на нейкія цяжкасці, падтрымліваць у сабе, у сваім сэрцы дабрыню і любоў”.


Канцэрт цягнецца больш за 2 гадзіны. На развітанне на сцэну прарываецца фанат “Пятлі” Жэня і спявае апошнюю песню пазам з ім Іллём.

“Той-сёй кажа, што яны не належаць беларускай культуры, бо спяваюць па-руску. Але тут і пытанняў не мусіць узнікаць! Трэба, каб усе імі ганарыліся, — рэзюмуе Інга. — Менавіта “Пятля” цяпер і ёсць тварам і рэпрэзентацыяй таго, што ёсць беларускае грамадства. Не ўсё, а частка. Таму яны і знаходзяць такі водгук у людзей”.


Пасля мінскага канцэрта “Пятля” выпраўляецца прэзентаваць “Фобос” у Маскву. Спадзяемся, на адрамантаваным бусе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі