Петля Пристрастия: "Любім, калі пад нашыя песні скачуць!"

На разагрэве ў гурта з паўнавартасным сольным выступам сыграла каманда "The Blackmail". У бліжэйшым часе музыканты збіраюцца выдаць свой дэбютны альбом, а таксама зладзіць яго канцэртную прэзентацыю.

 

Свой выступ "Петля пристрастия" пачала з песні "Диктор". Ужо добравядомыя многім словы рэфрэну "За год тут станет гораздо теплей" публіка крычала ў адзіным парыве. Ілля Чарапко-Самахвалаў адразу ж падзякаваў усім, "хто прыйшоў атрымаць супольны аргазм":

"Дзякуй, што вы прыйшлі нягледзячы на гэтую "знясільваючую" спёку – іранізуе музыка наконт надвор’я. – Але гэта нічога! Зараз бойка, а пасля вяселле будзе!"


Паслухаць новы альбом "Петли" прыйшло каля 500 чалавек. Што тычыцца публікі Мінск – вельмі стабільны горад, кажа Ілля Чарапко-Самахвалаў:

Ілля Чарапко-Самахвалаў: "Як стала прыходзіць пэўная колькасць людзей – так яны і прыходзяць, незалежна ад таго, што мы граем і дзе. Чалавек 200 – 250 мы заўжды чакаем на сваіх канцэртах. Не тое, каб гэта вельмі многа, адносна. Але гэта ўсё роўна стварае добры настрой".

Нягледзячы на тое, што новы альбом з’явіўся ў інтэрнэце зусім нядаўна, многія з прысутных добра ведалі тэксты песень і падпявалі гурту. Гэтым разам Ілля з'явіўся на сцэне ў выглядзе Спайдэрмэна, але пры гэтым амаль адразу, падчас першай песні, зняў свае вялікія акуляры – адзін з фірмовых элементаў "Петли Пристрастия".

“Не было акуляраў таму, што мне было б вельмі шкада гэты брэнд страціць. – тлумачыць Ілля – Я за іх проста пабаяўся, яны ў мяне такія адны. Я гэтыя акуляры берагу, як зрэнку вока, выбачайце за каламбур”.

Далей прагучалі "Летучий корабль", "Состоянье", "Ножи" і "Карамоджонг" з новага альбому. Паміж песнямі Ілля звяртаўся да публікі, танчыў і разам з астатнімі музыкантамі святкаваў 50-годдзе са дня першага палёта чалавека ў космас.

"Ваша здароўе! Вып’ем за юбілей палёта чалавека ў космас! І за тое, што тым не меньш вы ўсе сёння тут – дзякуй вам за падтрымку, сябры!"



Падчас "Реинкарнации" гледачы "сарваліся" з танцпола на сцэну. Стэйдждайверы скокалі ў натоўп нават падвое. Праўда, такому там не вельмі радаваліся… Але традыцыйнага стэйдждайва ад вакаліста гурта фанаты так і не дачакаліся.

Ілля Чарапко-Самахвалаў: "Я для разнастайнасці вырашыў гэтага не рабіць. Таму што час ад часу я ўсё ж такі сігаю са сцэны".



Падчас некаторых песень (напрыклад, "Дышать и Смотреть") жадаючых пасігать са сцэны сабралося столькі, што давялося папрацаваць службе аховы. Але "Петля Пристрастия" толькі вітае стэйджайв, кажуць музыкі.

Ілля Чарапко-Самахвалаў: "Я люблю калі скокаюць, усё ж такі! А інакш для чаго існуе барабан? Для чаго існуе пульс у музыцы?"


Увогуле, першая частка канцэрта цалкам складалася з песень "Гипнопедии". Што тычыцца новага альбому, музыкі кажуць, што ён вельмі адрозніваецца ад дэбютнага "Всем доволен". Але з агульным меркаваннем наконт таго, што ў песнях гурта стала больш словаў, а структура альбома стала больш складанай, не згодныя.

Ілля Чарапко-Самахвалаў: "Мне так не падаецца. Можа быць, з пункту гледжання некаторых людзей гэты альбом стаў больш перагружаным, увесь наш музычны складальнік… Ну і што? Гэта ж адбываецца не спецыяльна. І мне падаецца, вельмі дробязна задавацца такімі пытаннем. Больш тэксту –менш тэксту..."


Гітарыст "Петли Пристрастия" Іван Селішчаў запэўніў Еўрарадыё, што цалкам задаволены прэзентацыяй, калі не лічіыць таго, што "мастацкі кіраўнік гурта "Кассиопея" Александр Ліберзон зноўку пахадзіў па яго педальках":

"Ён зноўку пахадзіў па маіх педальках, павырываў мае шнуры і я зноў мучыўся. А ў астатнім задаволены! На гэты раз гэта "Гипнопедия", але я таксама "Всем доволен" – жартуе Іван, падкрэсліваючы гульню кантэкстаў" [першы альбом гурта "Петля Пристрастия" мае назву "Всем доволен". – Заўв. Еўрарадыё].

 

Канцэрт суправаджала абсалютна цудоўная відэаінсталяцыя ад ды-джэя Плаха. Для "Петли Пристрастия" гэта відэа стала сюрпрызам, бо, як высветлілася, відэа на задніку сцэны – чыстай вады імправізацыя!

"Ён увогуле вялікі маладзец! – дзеліцца ўражаннямі ад працы дыджэя Плахі Ілля Чарапко-Самахвалаў. – Я, канешне, ўсяго не бачыў..."

"Ты ўвогуле нічога не бачыў, – перабівае Іллю Іван Селішчаў. – Ты спінай стаяў! Карацей, ён зрабіў усё гэта за 2 дні. І гэта не проста відэаінсталяцыя, чалавек рабіў яе літаральна он-лайн. То бок ён, як сапраўдны дыджэй, у яго проста ёсць нарэзкі рознага відэа, якое ян падчас канцэрта зводзіць пад музыку. То бок гэта жывы выступ!"


Еўрарадыё пацікавілася ў музыкаў, ці не надумалі яны заспяваць з кім-небудзь дуэтам – так бы мовіць, "модная" на сённяшні дзень з’ява.

"Увогуле мы вельмі чакаем прапановы ад Інрыке Іглесіаса… А лепш ад яго таты Хуліо! – смяецца Іван а паколькі пакуль нічога не паступае, не хацім разменьвацца на дробязі".

"Можа быць, гэта і прыгожа выглядае, але ў нас няма на гэта часу". – дадае Ілля.

Ідэя, на якую гурт "Петля Пристрастия" усё ж знойдзе час – гэта тур-прэзентацыя альбома "Гипнопедия" па гарадах Беларусі і Расіі. Але пакуль не ўсё так проста:

Іван Селішчаў: "Пакуль што, на жаль, нас нідзе не чакаюць з шырокімі абдымкамі. Не заўжды атрымліваецца разлічваць на нейкія вялікія туры, ці вялікія выступы ў добрых клубах. Працуем над гэтым, натуральна! У планах ёсць Усходняя ЕўропаЛітва, Латвія, Эстонія, Польшча".


Фота: Цімафей Скібенка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі