Палітвязню Малчанаву толькі ў сераду паведамілі пра смерць маці

13 чэрвеня ў жодзінскім СІЗА з палітвязнем Аляксандрам Малчанавым сустрэлася адвакатка. І так супала, што толькі ў сераду Малчанаву перадалі тэлеграму аб смерці маці, хоць Галіна Малчанава памерла яшчэ ў ноч на суботу, 9 чэрвеня.

Як паведамляюць знаёмыя палітвязня, у прысутнасці адвакаткі ён трымаўся мужна пасля такой сумнай весткі. Сказаў, што маці доўга хварэла. На пытанне пра свой стан здароўя палітвязень адказаў, што ў яго “баліць спіна”.

Між тым, стала вядома прычына смерці Галіны Малчанавай — каранарная недастатковасць. Прасцей пра гэта кажуць — “сэрца не вытрымала”. 64-гадовая жанчына памерла ўначы, седзячы за кампутарам.


Нагадаем, Аляксандр Малчанаў абскарджваў абвінаваўчы прысуд у паўтара года калоніі быццам бы за крадзеж металалому. Касацыйная скарга яшчэ не разгледжаная, а да гэтага моманту прысуд не ўступае ў законную сілу і вязень не лічыцца асуджаным.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі