Някляеў, Саннікаў, Статкевіч, Міхалевіч пакуль не плануюць пісаць Лукашэнку

У навагоднюю ноч пад падпіску аб нявыездзе на волю выйшаў экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі. Па некаторых звестках, лідар БХД напісаў “тлумачальную запіску на імя Лукашэнкі”. Сам Віталь яе пакуль не каментуе.

“Тэксту самога я не бачыў, таму тут, што называецца, без каментароў, -- адзначыў у размове з Еўрарадыё прэс-сакратар “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Дзяніс Садоўскі. -- Заўтра будзе прэс-канферэнцыя аб 11-й на БНФ, і там ужо Віталь Анатольевіч сам будзе адказваць на дадзенае пытанне. Менавіта так ён папрасіў гэта зараз і падаваць”.

Між тым, нават блізкія сябры і паплечнікі Рымашэўскага даведаліся пра яго вызваленне толькі 3 студзеня з інтэрнэта. Чаму гэты факт трымаўся ў таямніцы два дні, Садоўскі каментаваць адмовіўся. 

Адвакат Мікалая Статкевіча Таццяна Станкевіч распавяла Еўрарадыё, што заводзіла размову са сваім падабаронным аб магчымасці напісаць ліст Лукашэнку. Але, кажа, былы кандыдат катэгарычна адхіліў яе прапанову.

Таццяна Станкевіч:
 “Я казала яму, што такое магчыма. І ён ведае, што іншыя рабілі такія заявы. Але ён не выказаў жаданне. Не хоча ён, не будзе ён гэтага рабіць”.

Па словах Паўла Сапелкі, які абараняе Андрэя Саннікава, яны гэтую тэму не абмяркоўвалі. У адваката проста яшчэ не было магчымасці пагаварыць з палітыкам сам на сам. Сустрэцца з Саннікавым Сапелка плануе не раней, як у сераду-чацверг. 

Павел Сапелка: “Гэту сітуацыю, натуральна, мы будзем абмяркоўваць, але я лічу, што ўсе рашэнні па распачатай справе, якая расследуецца, павінен прымаць следчы альбо пракурор. Адпаведна, калі мы і будзем звяртацца, то ў працэсуальным парадку, які прадугледжаны законам”.

Па словах адваката, ініцыятарам напісання ліста на імя кіраўніка краіны, ён не будзе. 

Павел Сапелка дадаў, што бліжэйшымі днямі Мінскі гарадскі суд разгледзіць касацыйную скаргу, якую ён, а таксама адвакат Алеся Міхалевіча, падалі на рашэння суда Цэнтральнага раёна, які не дазволіў двум кандыдатам выйсці на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Ад 29 снежня адвакат Тамара Сідарэнка не бачыла Уладзіміра Някляева, таму магчымасць звярнуцца да Лукашэнкі яны не абмяркоўвалі. Але напісалі некалькі лістоў на імя Генеральнага пракурора, дзе просяць вызваліць былога кандыдата найперш па стане здароўя. 

Раніцай 3 студзеня стала вядома, што з СІЗА КДБ выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе яшчэ адзін падазроны ў “арганізацыі масавых беспарадкаў” -- кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў. Па яго словах, вызваленне для яго стала поўнай нечаканасцю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі