“Нафта” — супергурт на базе J:Moрс

130419_ma6a_nafta.mp3

“Вялікі дзякуй за тое, што прыйшлі на праект, які яшчэ не чулі ні разу! Гэта накладае на нас асаблівую адказнасць, — вітае гледачоў са сцэны Уладзімір Пугач. І знаёміць публіку з музыкамі, якія бяруць удзел у яго новым праекце “Нафта”: гэта басіст “Крамбамбулі” і Chiefs Band Алесь Францішак Мышкевіч, гітарыст J:Moрс Павел Траццяк і колішні бубнач “Ляписа Трубецкого” Аляксандр Старажук.

Выбуховы тандэм, музыкі што трэба! Але што яны пакажуць гледачам? Пугач, вядомы дагэтуль толькі як лідар J:Mopc, папярэджвае:

“Праграма ў “Нафты” амаль запісаная. Цягнецца яна менш, чым адзін нармальны канцэрт, таму песні “Нафты” будуць перамяжоўвацца з каверамі на некаторыя беларускія гурты, якія далі дазвол на тое, каб іх песні выконвалі”.


Нехта хоча пачуць каверы на “Крамбамбулю” ці “Ляпісаў”, а чуе, як гэта ні банальна, J:Moрс. Спачатку “Нафта” грае песню з альбома “Аквамарин”, якую “базавы” гурт Пугача на канцэртах не выконвае. А пасля спявак застаецца на сцэне адзін і выдае хіты J:Морс пад гітару. Таксама “Нафта” грае цяжкаваты кавер на песню праекта Славы Бандарэнкі і экс-гітарыста J:Морс Рамана Арлова “Чехов”.

“Я чакала нечага новага, што будзе адрознівацца ад гурта J:Moрс, паколькі даўно з’яўляюся прыхільніцай гурта. Ужо шмат-шмат гадоў, — дзеліцца ўражаннямі наведвальніца канцэрта Ганна. — Мне быў не зусім зразумелы падобны мікс, я не ўбачыла асобнага праекта, хаця песні J:Moрс па-ранейшаму люблю. Але ў праекце “Нафта” пакуль расчараваная. Магчыма, проста не было магчымасці наслухацца ўдосталь”.


Саўнд “Нафты” даволі цяжкі. Аднак песні Пугача застаюцца песнямі Пугача: тыя ж гармоніі, тыя ж тэксты, тая ж манера выканання, што і ў J:Moрс. Часам падаецца, што музыкі ў праекце існуюць паасобку: рытм-секцыя грае сваё, а гітара і голас — сваё. Гэтая акалічнасць зусім не непакоіць публіку: “Нафту” успрымаюць цёпла.

“Мы чакалі нечага новага ад нашага любімага гурта, і нашы чаканні спраўдзіліся, — радуецца прыхільніца J:Moрс Валянціна. — Новыя песні, новыя эмоцыі, новыя пазітыўныя ўражанні, усё новае. Мяне ніколі не напружвала музыка J:Moрс, і цяжкія рытмы “Нафты” таксама не напружваюць”.


Адак ёсць публіка, якая чакае ад Пугача… Джазу!

“Мы некалькі чакалі іншага стылю ў музыцы, — распавядае Анастасія, стоячы ў чарзе па аўтографы. — Я чакала джазу, блюзу, нечага лірычнага. А тут, можна сказаць, іншы J:Moрс. Але гэта таксама някепска”.


70 адсоткаў песень “Нафты” — на беларускай мове. Уладзімір Пугач у сярэдзіне канцэрта пытае публіку, ці падабаецца ёй “Нафта”. Пачуўшы станоўчы адказ, абяцае, што альбом будзе напрыканцы лета, і што праект будзе канцэртаваць.

“З таго, што я пачуў, нешта парадавала, нешта не вельмі, — падводзіць рысу пад пачутым сябра Уладзіміра Пугача, прадзюсар Макс Алейнікаў, які выпадкова патрапіў на канцэрт. — Адзінае — магу сказаць, што Вова застаецца самім сабой да канца і, скажам, якую б музыку ён ні граў — больш жорсткую ці лёгкую — мы чуем яго песні, яго тэксты, і гэта мне падабаецца. Таму што я люблю яго такім, які ён ёсць, і не чакаю ад яго нічога звышасаблівага — ні правалаў, ні ўзлётаў”.


“Нафта” развітваецца з гледачамі, паўтарыўшы на біс свае тры песні, сыграныя на пачатку. Каб публіка запомніла. А гледачы віншуюць Уладзіміра Пугача з Днём нараджэння і абяцаюць сачыць за развіццём праекта.

Падчас песні "Жыві" да Пугача далучыўся флейтыст Ігар Ляўчук

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі