На кожную копію слуцкага пояса пойдзе 50 грамаў золата

Як і паведамляла раней Еўрарадыё, у Беларусі не знайшлося
абсталявання, якое б магло вырабіць копію слуцкага пояса. Замовілі ў Германіі,
а на фабрыцы "Слуцкія паясы" ўжо шукаюць варыянты ўпакоўкі для
арыгінальных і сувенірных паясоў.

"Зараз ідзе
рэканструкцыя і закупка абсталявання",
— вельмі сціпла распавядаюць на
фабрыцы. І адказваюць, што першыя могуць з'явіцца ўжо ў чэрвені.

Кіраўнік Музея старажытнай гісторыі Барыс Лазука тлумачыць, што на фабрыцы будуць вырабляць два віды
паясоў:

"Ёсць паняцце
аналага-копіі і сувеніра. Аналаг — гэта тое, што максімальна набліжана да
арыгінала. Натуральна, што кошт яго будзе вялікі. Ёсць розныя прапановы па
сыравіне, як ніткі будуць абкручвацца — золатам ці срэбрам. На такі пояс можа
пайсці 50 грамаў золата, адсюль можна і кошт прыкінуць. Але гэта будуць
адзінкавыя вырабы".

Прыкладна такі пояс будзе каштаваць каля 1-2 тысяч долараў у
залежнасці ад колькасці золата ці срэбра. Што праўда, ніхто кошт пакуль не
лічыў.

Плануецца, што фабрыка будзе вырабляць і сувенірныя паясы,
якія будуць са штучнага шоўку, і не сапраўднага золата. Але Барыс Лазука
запэўнівае Еўрарадыё, што абывацель іх не адрозніць ад дарагіх копій.

У Слуцку сёння выпускаюць паясы, падобныя да тых самых
слуцкіх паясоў толькі малюнкам і памерамі. І каштуюць яны 4 мільёны рублёў.

"Наш пояс робіцца
ўручную два месяцы. Таму ён каштуе 4 мільёны. Калі гэта шоўк, то, можа, будзе
каштаваць каля 5 мільёнаў, с золатам — у разы даражэй".

Нават упакоўка для будучых аналагаў і копій слуцкіх паясоў
ацэнена ў 800 мільёнаў рублёў на ўсе вырабы.

Упакоўка ж павінна быць таксама творам мастацтва, адзначаюць
на фабрыцы. Назва вытворцы павінна быць на беларускай і англійскай мовах, выявы
пояса і Слуцка, таварны знак "Слуцкія паясы". Даўжыня пояса будзе ад
200 да 480 сантыметраў, шырыня ад 20 да 40. Для параўнання: даўжыня пояса ў
музеі Багдановіча
— 360, а шырыня — 30 сантыметраў.

Будынак фабрыкі аздобяць у некалькі разоў павялічанай
каляровай выявай слуцкага пояса — аднаго з пяці, якія сёння ёсць у Беларусі.