Слуцкі пояс для турыста будзе каштаваць… каля 5 мільёнаў?

"Задача прэзідэнтам пастаўленая. Думаю, што яна будзе вырашаная. Але, каб зрабіць рэканструкцыю пояса, трэба вывучыць тэхналогію, даведацца, з якой ніці ён рабіўся, якой шчыльнасці. А ўжо потым набываць абсталяванне і запускаць вытворчасць", — гавораць Ларыса Тарасава дырэктар прадпрыемства "Слуцкія паясы" пасля нарады ў Адміністрацыі прэзідэнта пра аднаўленне легендарных паясоў.


Адразу пасля таго, як гэтую тэму ўзняла Еўрарадыё, ёй зацікавіліся на самым версе.


У Слуцку сёння выпускаюць два (!) паясы ў год, яны падобныя да тых самых слуцкіх паясоў толькі малюнкам і памерамі. І каштуюць 4 мільёны. Колькі ж будзе каштаваць турысту пояс з шоўка?


"Наш пояс робіцца ўручную два месяцы. Таму ён каштуе 4 мільёны. Калі гэта шоўк, то, можа, будзе каштаваць каля 5 мільёнаў, с золатам — у разы даражэй".

Пояс які цяпер робяць у Слуцку

Як даведалася Еўрарадыё, Віцебскаму тэхналагічнаму ўніверсітэту даручана вывучыць, з чаго і як рабіўся пояс.


"Рэальнасць такая, што трэба правесці комплекс падрыхтоўчых прац. Даўно наспела патрэба навуковага даследавання. Зараз цяжка адказаць на пытанне, наколькі можна было б аднавіць страчаныя тэхналогіі і аднавіць цалкам працэс стварэння пояса", — гаворыць дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства Аляксандр Лакотка.


"Але задача стаіць на проста стварыць пояс, які на першы погляд ад сапраўднага не адрозніць нават спецыяліст. Гаворка ідзе пра стварэнне якаснай масавай прадукцыі, разлічанай на простага пакупніка", — тлумачыць кіраўнік Музея старажытнай гісторыі Акадэміі навук Барыс Лазука.

Фрагмент Слуцкага пояса


Паводле плану "навадзелы" могуць замяніць згубленыя слуцкія паясы ў раённых музеях і таксама быць выкарыстаныя ў прадстаўнічых мэтах — напрыклад, у форме роты ганаровай варты. І для турыстаў, вядома.


А вось упісаць слуцкія паясы ў сучасную моду будзе вельмі цяжка, лічыць дызайнер Іван Айплатаў.


"У выглядзе сувеніра яны могуць быць сімвалам Беларусі. Партызаны, пушча, зубры — малавата і не самае лепшае, чым можна ганарыцца. Паясы можна выкарыстоўваць у паказах, калі рабіць калекцыі ў выглядзе шоў. Тэарэтычна іх можна ўвесці ў частку касцюма, але любыя гульні з самабытнымі рэчамі не заўсёды адэкватна ўспрымаюцца".


Але пакуль рана казаць пра масавую вытворчасць, бо на працягу  2 гадоў плануюць праводзіць навуковыя і тэхналагічныя даследаванні, для чаго нават створаць дзяржаўную праграму ці інавацыйны праект.

Пояс з сучаснай слуцкай фабрыкі

Слуцкі пояс з музея старажытнай гісторыі Акадэміі навук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі