"Двое мужыкоў у XVIII стагоддзі ткалі слуцкія паясы, а цяпер ніхто не можа"

Кіраўнік Музея старажытнай гісторыі Барыс Лазука даўно спрабуе вырабіць хаця б сінтэтычныя копіі слуцкіх паясоў, каб можна было прадаваць турыстам. Але ніводнае беларускае прадпрыемства не можа зрабіць нават копію!


"У XVIII стагоддзі двое мужыкоў, якіх навучылі гэта рабіць, сядзелі за станком і ткалі 300 паясоў за год, з залатымі і срэбнымі ніткамі. У нас у пачатку XXI стагоддзя мы не можам нават трошкі наблізіцца да гэтага!" — эмацыйна каментуе сітуацыю Барыс Лазука.


Так, так! Багдановіч не ведаў, а паясы ткалі не ткачыхі, а ткачы, бо гэта была цяжкая праца. Нават сучасныя станкі беларускіх прадпрыемстваў не могуць зрабіць яе.


"Усё што заўгодна могуць зрабіць, але жакардавыя тканіны могуць толькі на машыне, якой 80 гадоў", — здзіўляецца Барыс Лазука пасля наведвання магілёўскага "Магатэкса".


Нават у гэтым выпадку пояс не будзе адпавядаць сапраўднаму. Бо яго зробяць... часткамі. Асобна “галаву” і “поле”, а потым могуць сшыць.


А вось тут праблема. Для станка патрэбныя "старажытныя" перфакарты ў колькасці 8 тысяч, каб выткаць адзін пояс. Калі іх выкласці на дарогу, то атрымаецца 2,5 кіламетры.


"Мы прапанавалі свае варыянты. Нам вельмі цікава ў гэтым паўдзельнічаць. Але мы не можам абсалютна паўтарыць слуцкі пояс. Абсталяванне не дазваляе працаваць з такой сыравінай на высокіх шчыльнасцях, з каляровай сыравінай. У нас асаблівасць вытворчасці такая, таму мы не можам дакладна паўтарыць палатно для пояса", — распавядаюць Еўрарадыё ў "Магатэкс".


У Магілёве на прадпрыемстве "Стужка" могуць выткаць жакардавыя тканіны, але шырыня іх стужкі меншая за шырыню пояса.


"Тэарэтычна магчымасць ёсць, калі зладзіць пераналадку абсталявання. Але малаверагодна. Нашы стужкі могуць быць жакардавымі ці тканымі. Але яны вузенькія".


У Рэчыцы кажуць, што могуць зрабіць слуцкі пояс, але ён будзе... махровы.


Не знайшлося ў Беларусі ніводнага прадпрыемства, здольнага паўтарыць слуцкі пояс.


"Мы не можам у нашых умовах паўтарыць пояс. Гаворка нават ідзе не пра дакладную копію".


Ці такую цяжкую працу могуць зрабіць толькі кітайцы і туркі?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі