Маці Уладзіслава Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд

Яна хоча, каб смяротны прысуд не выконваўся, пакуль зварот сям'і Кавалёвых не разгледзіць Камітэт ААН па правах чалавека. Беларускае заканадаўства гэтага не прадугледжвае. Пра гэта Любоў Кавалёва паведаміла ў інтэрв'ю Еўрарадыё:

Кавалёва: "Наш Крымінальна-выканаўчы кодэкс прадугледжвае прыпыненне смяротнага пакарання толькі ў выпадку псіхічнага разладу асуджанага. Ва ўсіх іншых выпадках ён не прыпыняе".

Маці і сястра Кавалёва яшчэ ў снежні 2011 года напісалі зварот у ААН, які быў зарэгістраваны 15 снежня. Праз беларускае прадстаўніцтва ў ААН кампетэнтным органам у Беларусі было паведамлена пра неабходнасць не выконваць прысуд Кавалёву, пакуль справа знаходзіцца ў Камітэце па правах чалавека.

Таксама 1 лютага Любоў Кавалёва падала скаргу ў Генеральную пракуратуру Беларусі. Яна скардзіцца на тое, што ў СІЗА КДБ зніклі ўжо дзве даверанасці, падрыхтаваныя сынам і яго адвакатам. З дапамогай даверанасцяў маці Кавалёва магла б звяртацца ў міжнародныя інстанцыі. Першая даверанасць была падрыхтаваная ў снежні 2011 года, другая — у студзені 2012 года.

Нагадаем, што Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава прысудзілі да смерці. Віцяблянаў абвінавацілі ў тэракце ў мінскмі метро і шэрагу іншых выбухаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі