Гурт "Пани Хида" вяртаецца з новым альбомам ды кліпам (Відэа)

Вядомы ў канцы 90-х аршанскі гурт "Пани Хида" выдаў новы альбом пасля сямігадовага перапынку. Дыск, які атрымаў назву "The Bestолочь", гэта складанка песень, якія былі запісаныя пасля 2002 года, але дагэтуль не выдаваліся ды лепшых трэкаў з мінулых альбомаў. Па словах музыкаў, такім чынам яны пажадалі нагадаць пра сябе. Але каб людзі ведалі, якой будзе адноўленая "Пани Хида", хлопцы ўключылі ў альбом зусім новую песню "Ветер", тэкст для якой напісаў Барыс Штэрн.

гітарыст гурта Лёня Турок прызнаецца, што шматгадовая паўза была недаравальнай памылкай


"У нас гады 2-3 пайшло менавіта на пошук. Мы, як рыбы, апынуліся на беразе і прагна хапалі паветра, - распавядае пра вяртанне да музыкі гітарыст гурта Лёня Турок. - Нам хацелася паспрабаваць і гэтае, і тое, і так, і так... Спачатку спрабавалі выконваць сінты-поп, але ў выніку, пашукаўшы, прыйшлі да таго, што робім зараз. І самае цікавае, што гэтая песня "Ветер" вельмі нагадвае "Пани Хиду" узору пачатка 90-х, то бок, якімі мы былі першапачаткова".

басіст Сяргей Шульгін тлумачыць што новая "Пани Хида" робіць стаўку менавіта на запісы, а канцэрты пакідае на другім плане


Дарэчы, паслухаць сучаснае гучанне "Пани Хиды" можна і на новым кліпе гурта. Відэа на песню "Странная мелодия" здымаў Максім Носаў, які ў 1997 годзе прынёс гурт "Рок-карону" за лепшы кліп году.

 

"Мы ўвесь час знаходзімся пад аб'ектывамі камер, увесь час вядзецца назіранне. І ўжо справа даходзіць да таго, што назіранне вядзецца і за тым, хто назірае, - тлумачаць ідэю рэжысёра музыкі. - Але гэта адна з ліній. Другая - Максім спрабаваў там расставіць некалькі аплявух агульнапрынятым тэндэнцыям рэжысуры. Там ёсць даволі адкрытыя сцэны, якія ў некаторых выклікаюць шок. Але Максім кажа: "Вы ж гэта любіце, вы ж глядзіце гэта кожны дзень з экранаў. Дык глядзіце, гэта ж добра зроблена, зроблена настолькі, што вы ў гэта верыце!".

"Пани Хида": зараз на канцэртах у нас бас, гітара, бубны ды вакал, а клавішныя гукі запісаныя

Музыкі называюць новы, пяты альбом, своеасаблівым "pre", бо ўжо бліжэйшай восенню плануецца выхад яшчэ аднаго дыска, але ўжо цалкам з новай праграмай. "The Bestолочь" ужо можна знайсці ў музычных крамах, а яго канцэртная прэзентацыя адбудзецца 10 чэрвеня ў клубе Re:Public.

Вокладка новага альбома

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі