Гітарыст Gods Tower сышоў з гурта па дарозе з Варонежа

На канцэрце 22 траўня ў мінскім Re:Public гомельскія металісты Gods Tower нечакана выступілі без свайго гітарыста Змітра Лазарэнкі. Яго замяніў музыка гуртоў Neuro Dubel і Weeping Twilight Віталь Абрамовіч.

"Проста па дарозе з Варонежа Лазарэнка нас зусім нечакана кінуў, - тлумачыць лідар Gods Tower Лэслі Найф. - Ён проста сабраўся і сышоў. Нічога не патлумачыўшы і выказваючы нейкія незразумелыя прэтэнзіі да ўсіх. У нас не было іншага выйсця, і мы рэкрутавалі іншага чалавека, які больш-менш знаёмы з нашым рэпертуарам. Вось і ўся пятрушка!"

У выніку мінскі выступ Gods Tower адбываўся ўвогуле без рэпетыцый, і Лэслі не выключае, што з гэтага моманту гурт будзе супрацоўнічаць з Абрамовічам пастаянна. Але пакуль пра гэта рана казаць - дадае Лэслі.

"Зараз нашы галовы занятыя выключна тым, дзе знаходзіцца Лазарэнка, бо ад яго няма ніякіх сігналаў. Нам спачатку трэба давесці гэтую справу да канца, а потым ужо нешта прадпрымаць. Але што датычыцца Gods Tower, то мы не збіраемся спыняцца і будзем працаваць далей, як бы ні складаліся абставіны, і якія б ветры на у твар не дзьмулі".

Нагадаем, мінскі выступ Gods Tower стаў апошнім канцэртам The Flaming Arts Festival Tour, у якім таксама ўдзельнічалі Kataklyzm, Marduk ды Vader. За тыдзень да выступу ў Re:Public музыкі праехалі Екацерынбург, Магнітагорск, Уфу, Маскву і Варонеж.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі