“Караль баіцца ветракоў”: у цэнтры Варшавы з'явіліся карыкатуры на прэзідэнта Польшчы

Карыкатура Наўроцкага ў Варшаве

Карыкатура Наўроцкага ў Варшаве / Greenpeace

У цэнтры Варшавы і Познані з'явіліся карыкатуры на прэзідэнта Польшчы. Акцыя прымеркавана да першага прэзідэнтцкага вета Караля Наўроцкага, які год таму адхіліў закон, што мусіў спрасціць будаўніцтва ветраных электрастанцый і скараціць мінімальную адлегласць ад іх да жылых дамоў з 700 да 500 метраў.

Аўтар плакатаў — Greenpeace. На іх напісана:

“Гэта Караль. Караль — прэзідэнт. Караль баіцца ветракоў і год таму забараніў іх развіццё. Праз гэта кожная польская сям'я губляе 1500 злотых за год. Не будзь як Караль”.

Адкуль такая сума? У Greenpeace кажуць, што 600–800 злотых ідуць на субсідыі на нерэнтабельную здабычу карысных выкапняў, 300 злотых — гэта выдаткі на выкіды CO2, звязаныя з вытворчасцю энергіі з вугалю;, яшчэ 300 злотых — выдаткі на імпарт прыроднага газу, 200 — выдаткі, звязаныя з рынкам магутнасцяў.

Актывісты перакананыя, што развіццё больш танных аднаўляльных крыніц энергіі зменшыць залежнасць ад вугалю і газу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.