Двое ўраджэнцаў Беларусі ўвайшлі ў рэйтынг найбагацейшых імігрантаў ЗША
Дзяніс Ярац / thekeyexecutives.com
Выданне Forbes апублікавала рэйтынг America's Richest Immigrants 2026, у які ўвайшлі двое ўраджэнцаў Беларусі — сузаснавальнік Perplexity Дзяніс Ярац і заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі WorldQuant Ігар Тульчынскі, заўважыла “Зеркало”.
Ярац, які нарадзіўся ў Гомелі, заняў 97-е месца з капіталам 2,1 мільярда долараў. Зараз 39-гадовы прадпрымальнік жыве ў Сан-Francыска. Ён стаў мільярдэрам дзякуючы долі ў пошукавым ШІ-стартапе Perplexity, які ў 2025 годзе ацанілі ў 20 мільярдаў долараў. Да стварэння Perplexity Ярац працаваў даследчыкам у лабараторыі Facebook AI Research, а яшчэ раней удзельнічаў у распрацоўцы пошукавіка Bing у Microsoft. Стартап ён заснаваў у жніўні 2022 года разам з Аравіндам Шрынівасам, Эндзі Конвінскі і Джоні Хо, а сярод інвестараў кампаніі — заснавальнік Amazon Джэф Безас і іншыя вядомыя фігуры са сферы тэхналогій і штучнага інтэлекту.
Тульчынскі размясціўся на 113-м месцы рэйтынгу з капіталам 1,7 мільярда долараў. Ён пераехаў у ЗША з сям'ёй яшчэ дзіцем, а кар'еру пачынаў у AT&T Bell Laboratories, потым працаваў у Interactive Brokers і хедж-фондзе Millennium. У 2007 годзе Тульчынскі заснаваў кампанію WorldQuant, якая займаецца колькаснымі інвестыцыйнымі стратэгіямі і зараз кіруе актывамі прыкладна на 17 мільярдаў долараў.
Усяго ў рэйтынг Forbes увайшлі рэкордныя 144 мільярдэры — грамадзяне ЗША, якія нарадзіліся за межамі краіны, з агульным капіталам каля 2,2 трыльёна долараў. Годам раней у спісе было 125 чалавек з сукупным капіталам 1,3 трыльёна долараў. Першае месца сярод найбагацейшых іміграгнтаў ЗША заняў Ілан Маск, які нарадзіўся ў ПАР.