FEMEN: На акцыю ў Мінск мы прыедзем з падрыхтаваным наборам палітвязня

111213 Luka6uk Femen.mp3

Еўрарадыё: Мы даведаліся пра ваша жаданне правесці 19 снежня акцыю ў Мінску. Наколькі сур’ёзныя вашы планы?

Аляксандра Шаўчэнка: Мы вельмі хочам прысутнічаць 19 снежня ў Мінску, удзельнічаць у акцыях, якія там будуць праходзіць. Зрабіць сваю акцыю ў нашым фірмовым стылі — топлес. Для таго, каб заявіць, што дэмакратыю, свабоду думкі і свабодалюбства ў Беларусі не задушыш ніякімі сродкамі. Нават, калі пасадзяць усіх пратэстоўцаў. Усё адно людзі будуць супраціўляцца рэжыму Лукашэнкі, ніколі не апусцяць рукі і не пакінуць гэтыя высілкі. Мы плануем прыехаць да вас 19 снежня і спадзяемся, што нас не спыняць на мяжы. Магчыма, гэта будзе не дакладна 19-га, а крыху пазней.

Еўрарадыё: Падчас вашай сустрэчы 12 снежня са Станіславам Шушкевічам, ён, даведаўшыся пра вашы планы, адгаворваў ад гэтай ідэі. Расказаў розных жахаў пра нашу палітычную рэчаіснасць. Гэта не паўплывала на вашы планы?

Аляксандра Шаўчэнка: Мы і самі добра ўяўляем тое, што адбываецца ў Беларусі. Але гэта нас не спыняе. Наадварот, мы яшчэ больш хацелі б прыехаць і зрабіць акцыю для таго, каб дапамагчы ўсім беларусам вызваліцца ад тыраніі, каб у Беларусі ўсталяваўся дэмакратычны рэжым.

Еўрарадыё: Апроч таго плаката, які ў вас пастаянна з сабой — ваш топлес, вы прыдумалі слоган для плаката, які будзеце трымаць у руках?

Аляксандра Шаўчэнка: Падумаем над гэтым яшчэ, але я думаю, што слоган вам спадабаецца. Я нават спадзяюся, што беларусы яго будуць крычаць на сваіх мітынгах і акцыях. І ён стане ключавым слоганам кампаніі супраць Лукашэнкі!

Еўрарадыё: У Беларусі пасля такой акцыі вы рызыкуеце патрапіць “на суткі”. Бераце з сабой у дарогу мінімальны набор палітвязня ці спадзеяцеся, што ўсё неабходнае вам перададуць у камеру беларускія аднадумцы?

Аляксандра Шаўчэнка: У нас заўсёды з сабой гэты набор палітвязня: зубная шчотка, цёплая вопратка, цёплыя шкарпэткі, кнігі. Гэты набор у нас заўжды з сабой! Але, безумоўна, спадзяемся на тое, што нашы беларускія прыхільнікі, нашы беларускія дзяўчаты дапамогуць. Але ўвогуле, мы спадзяемся, што нам удасца збегчы і не патрапіць у рукі беларускім праваахоўным органам. Мы спадзяемся пазбегнуць пакарання за несанкцыянаваны мітынг — разлічваем на нашу ўдачлівасць. Але калі не, то мы гатовыя адседзець нейкую колькасць сутак!

Еўрарадыё: На беларускай мяжы неаднаразова заварочвалі ўкраінскіх праваабаронцаў. Ёсць план, як паспяхова даехаць да Мінска?

Аляксандра Шаўчэнка: Ёсць такі стары ўкраінскі слоган: “Свабоду не спыніць!” Мы разлічваем, што дзяўчат, якія гатовыя распранацца на плошчах для таго, каб на ўвесь свет заявіць, што нейкаму чалавеку ў нейкай краіне патрабуецца свабода, праз усе перашкоды правядзе пуцяводная зорка жадання дапамагчы. Я спадзяюся, што нам удасца зрабіць усё запланаванае. І нам удасца прадэманстраваць нязгоду з рэжымам Лукашэнкі ва ўсёй прыгажосці!

Еўрарадыё: Можа, вы дамовіцеся з беларускімі палітыкамі, партыямі і рухамі, з Някляевым, да прыкладу, з БНФ, каб скаардынаваць дзеянні на 19 снежня? Яны ў шубах, а вы ў строі Евы...

Аляксандра Шаўчэнка: Добрая ідэя! Паспрабуем звязацца з гэтымі палітыкамі. Ва Украіне нельга звязвацца з палітыкамі, бо яны ўсё адно вас падмануць, скарыстаюцца вашай актыўнасцю і на гэтым усё супрацоўніцтва скончыцца. Спадзяюся, што ў Беларусі гэта не так. Паглядзім, што можна зрабіць, з кім пазнаёміцца і правесці сумесную акцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі