Еўрасаюз можа пачаць дыялог з уладамі Беларусі без удзелу грамадства?

9 красавіка ў Еўрапарламенце прайшла канферэнцыя "Дыялог пра мадэрнізацыю з беларускім грамадствам". У ёй удзельнічалі як еўрадэпутаты, так і прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці.

Намеснік міністра замежных справаў Польшчы Ежы Памяноўскі адзначыў, што ўлады не дэманструюць жадання да дыялогу пра мадэрнізацыю, але пры гэтым у беларускім грамадстве адбываюцца істотныя змены.

Віцэ-старшыня Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч адзначыў, што дыялог неабходны, і спаслаўся на досвед польскай "Салідарнасці". Паводле яго словаў, перадае Радыё "Свабода", трэба супрацоўнічаць з элітамі на мясцовым узроўні.

Аляксандр Мілінкевіч выказаўся на карысць дыялогу Еўрасаюза з афіцыйным Мінскам. Ён заявіў, што палітвязні выходзілі на свабоду не ў выніку санкцый, а пасля візітаў Саланы і Младэнава. Паводле яго словаў, у выніку дыялогу ў 2008-2010 гадах рэпрэсіі зменшыліся ўтрая. Але гэты дыялог быў перарваны ў снежні 2010 года правакацыяй спецслужбаў "з расійскім следам". Мілінкевіч заклікаў Еўрасаюз адмовіцца ад санкцыяў.

Анатоль Лябедзька раскрытыкаваў ідэю дыялогу з уладамі без удзелу грамадзянскай супольнасці. Па яго словах, спярша мусяць адбыцца вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыя, правядзенне свабодных і празрыстых выбараў, а пасля — дыялог пра мадэрнізацыю.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі