Эксклюзіў: EP "Золак" ад Shuma. Бабуліны спевы пад электронны біт (слухаць)

У міні-альбоме “Золак” 6 унікальных твораў. Гэта спроба перакласці старажытныя песні на сучасную мову — мову электроннай музыкі і гукавых вынаходніцтваў.

 

“Мы хочам, каб традыцыйная беларуская культура жыла ў сучасным моманце”, — распавядае Еўрарадыё лідарка гурта “Shuma” Руся. Для нагляднасці яна спявае радок з песні “Ой, еду я дарогаю” класічным “народным” вакалам, а пасля “па-шумаўскі” — з вялікай колькасцю паветра ў голасе, мякка, пяшчотна і сексуальна.



“Мы бярэм бабуліны спевы, не змяняючы мелодыю, не змяняючы дыялектаў, проста спяваем іх у іншай манеры”, — тлумачыць Руся

 

Яшчэ адна задача, якую вырашылі музыкі “Shuma” — “нанізалі” архаіку на сучасны і (важна!) непапсовы электронны біт. Непапсовы — гэта, па азначэнні Русі, такі як у Flying Lotus, Amon Tobin, Bjork, Robot Koch.

 

“Калі мы толькі ўзяліся за працу над альбомам, мы думалі, ой, ну што там складанага? Бярэш любую песню, накідваеш туды нейкіх ламаных біткоў, тут падкруціш, там задабстэпіш, і ўсё зашыбісь атрымаецца. А насамрэч — не, — скардзіцца на цяжкасці музычнага эксперымента спявачка. — Аказалася, вельмі цяжка зрабіць прыемны і гарманічны матэрыял, заснаваны на сучаснай электроннай музыцы з песнямі, якія спяваліся па зусім іншых канонах. Даволі лёгка пераносіць аўтэнтыку ў блюз, рок і поп, а вось у электроніку, ды такую, пад якую было б і прыемна патанчыць, і паслухаць, і фонам пусціць вельмі цяжка. Я нават не магу апісаць, колькі матэрыялу пайшло проста ў сметніцу”.

 

Спампаваць альбом і пачытаць тэксты можна на афіцыйным сайце Shuma (www.shuma.by).