Ці выпадкова Лукашэнка не казаў пра дыялог і палітвязняў?

"Мы не хочам з вамі сварыцца. Мы хочам быць з вамі ў добрых нармальных стасунках. Але мы ніколі не пойдзем на тое, каб стаць перад некім на калені. Не прымушайце, дарагія, нас уводзіць аднаполыя шлюбы. Не будзе гэтага ў Беларусі. Не будзе тут галубізны, ружовых і іншых. Ну, народ не прымае гэта. Не саспелі мы для галубізны, ну, пачакайце трошкі", — гэта Аляксандр Лукашэнка звяртаецца да Еўропы. Дарэчы, сёлета на пасланне запрасілі шмат амбасадараў еўрапейскіх краін.

Еўрарадыё заўважае, што пытанням знешняй палітыкі было нададзена вельмі мала ўвагі. Не прагучала і старая тэма пра палітвязняў, не пачулі мы і пра дыялог з Захадам.


Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч кажа што галоўнай тэмай паслання было змяненне ўласнага вобразу — стварыць Лукашэнку вобраз мадэрнізатара, таму іншыя тэмы сышлі на другі план.


"Я хацеў бы заўважыць, што ён спрабаваў акарыкатурыць пазіцыю апанентаў і ўнутраных, і знешніх. Па многіх пунктах. Вось Захад патрабуе прыватызацыю — гэта азначае ўсё разбурыць. Ці патрабуюць дэмакратыі, а нам не патрэбны аднаполыя шлюбы. Такі прынцып: зрабіць пазіцыю апанента карыкатурнай і потым пачаць з ёй спрачацца".


Гэта працяг стварэння негатыўнага вобразу сваіх апанентаў. Захад патрабуе ад нас дэмакратыі, а сам канфіскаваў маёмасць на Кіпры. Такая прымітыўная контрпрапаганда, дадае Валер Карбалевіч.


З аднаго боку, кіраўнік Беларусі стварае негатыўны вобраз і вядзе контрпрапаганду, зводзячы дэмакратыю да ўзроўню аднаполых шлюбаў і галубізны. З іншага боку, кажа, што мы хочам супрацоўнічаць: "Хай будзе нармальная апазіцыя, якая будзе змагацца ў межах выбараў, але не будзе граміць і ламаць".


"Гэта такі падыход вядомы ў Мінску. Бачыць поле супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы, а не ў гуманітарнай. Па пытаннях, якія задаваліся, было бачна, што не меркавалася гэтыя тэмы падымаць", — адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. І заўважае, што сапраўды не адчувалася ўвагі да тэмы адносінаў з Захадам. Але паблажлівасць у размове прысутнічала — "не дараслі, пачакайце".


Гэта паказвае, што ў Мінску не бачаць некаторых пытанняў у полі супрацоўніцтва з Еўропай.


"Затое ён вельмі аптымістычна настроены вынікамі эканамічнага форуму ў Клайпедзе. І да гэтага ён казаў, што спадзяецца на нармалізацыю стасункаў з ЕС, дзякуючы Літве. Вось такі яго настрой дыктаваўся станоўчымі, на погляд не толькі беларускага боку, але і літоўскага, вынікамі клайпедскага эканамічнага форуму".


Атрымоўваецца, што пытанне супрацоўніцтва не закранаецца, але супрацоўніцтва паціху наладжваецца, толькі не публічна?


"Наконт непублічнасці... Гэта канспіратыўная дыпламатыя Макея, яна і да яго была, але зараз яна набывае такія сакрэтныя рысы, што ўгадваецца лозунг "дзяржава для народа". Вось гэтыя дзяржаўныя чыноўнікі робяць так, што народ нічога не ведае", — дадае Раман Якаўлеўскі.

На фота: Гіда Вестэрвеле і Аляксандр Лукашэнка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі