Чаму заробкі па афіцыйнай версіі працягваюць расці?

111222 Nasta ZP.mp3

Еўрарадыё разабралася ў хітрыках падлікаў.

Ці не кожны пачатак месяца Белстат адзначае чарговым паведамленнем пра рост прыбыткаў насельніцтва. І гэта нават з улікам інфляцыі!


“Рэальны заробак ў студзені-кастрычніку 2011 года ў параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2010 павялічыўся на 5,9%”, — паведамляе кастрычніцкі прэс-рэліз.

Нават студэнт-троечнік ведае, што рэальны заробак — гэта рост заробку за вылікам росту цэнаў.


Са снежня інфляцыя ў Беларусі склала ажно 204%! Няўжо нашы заробкі выраслі яшчэ больш?! Але гэта не так. За год заробкі выраслі толькі ў 1,5 разы.


У чым жа падвох?


Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што памылак у падліках Белстату няма. Але падлічыць можна па-рознаму. Рэч у тым, што Белстат параўноўвае заробкі за перыяд. Рэальны сярэдні заробак за студзень-кастрычнік гэтага года сапраўды вышэй за той самы перыяд мінулага года…


Леанід Злотнікаў: “Але людзі жывуць не з гэтым параўнаннем… Для іх важная дынаміка”.


І праўда, калі мы возьмем кастрычнік і параўнаем са снежнем — то рэальны заробак у кастрычніку ў параўнанні са снежнем знізіўся на 23%! [гл. табліцу].


Леанід Злотнікаў: "Людзі думаюць так: было шмат, а цяпер менш, і я менш магу купіць... Яны месяц да месяца лічаць, а не за перыяды”.


Калі параўнаць кастрычнік са снежнем, то на гэты заробак можна купіць менш, чым у снежні. То бок пакупніцкая здольнасць — і ёсць рэальны заробак, кажа эканаміст.


У Белстаце ж кажуць, што лічаць двума спосабамі. І запэўніваюць, што кожны з паказчыкаў “мае права на жыццё”.


Белстат: “Мы прадастаўляем усё! Кожны з гэтых паказчыкаў мае права на жыццё, і кожны выкарыстоўваецца для сваіх мэтаў. Магчыма, для некаторых мэтаў больш дакладна будзе параўнаць дадзеныя месяц да месяца… Але ёсць і іншы варыянт. Напрыклад, усе мы ходзім у адпачынак, за які налічваюцца адпускныя, якія істотна большыя за аклад. Адпаведна, пасля адпачынку заробак меншы. Іншымі словамі, сярэдні заробак за перыяд дазваляе ўлічыць хістанні ўзроўня заробкаў…”


Афіцыйны прэс-рэліз Белстату за лістапад чакаецца заўтра і будзе апублікаваны на сайце… Пабачым, вырастуць нашыя заробкі або знізяцца. І ці супадзе афіцыйная версія з тым, як адчуваюць сябе беларусы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі