Быкаў пра лецішча: “Не пiсалася мне на дачы. Усё тут шкодзiла”

“Гэта падарунак дзяржаве. І кіраўніцтва дзяржавы пагадзілася з тым, што менавіта там будзе створаная экспазіцыя. Мы плануем частку лецішча захаваць — мемарыяльны пакой Васіля Ўладзіміравіча, гасціная, ну а некаторыя памяшканні лецішча, якое зусім невялічкае, выкарыстаем для экспазіцыі”, — расказвае мне дырэктарка Літаратурнага музея Лідзія Макарэвіч.

120910 Pilecki Bukau.mp3

Жонка пісьменніка — Ірына Быкава — зрабіла нятанны падарунак. Лецішча знаходзіцца зусім непадалёк ад сталіцы — у Ждановічах. Участкі памерам 6-12 сотак каштуюць там ад 25-ці да 50 тысяч долараў. Ёсць і па сто тысяч. І гэта толькі ўчастак, без дома.

Дзялянку ў Ждановічах Васіль Быкаў набыў на пачатку 80-ых і сам кіраваў будаўніцтвам невялікага двухпавярховага дома. Пасадзіў бярозы, дуб, хвоі. Музейшчыкі абяцаюць захаваць лецішча ў тым выглядзе, якім яго бачыў сам Быкаў.

“Будзем старацца максімальна захаваць лецішча пры рэстаўрацыі. Яго знешні выгляд. Каб там усё было так, як пры жыцці пісьменніка”.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч расказвае, што лецішча Быкаў набыў, бо не мог прыжыцца ў Мінску. Шумна было пісьменніку і неспакойна ў сталіцы. У выбары ўчастка Быкаву нават дапамагала кіраўніцтва БССР.

“Выбіралі яны разам з адным з тагачасных кіраўнікоў Беларусі Кузьміным. Ездзілі на яго машыне і выбіралі надзел”.

Падчас будаўніцтва дома не абышлося без кур’ёзаў. Быкаў замовіў рамы для вокнаў. Іх зрабілі і прывезлі, аднак вокны не падышлі. Вырашыць гэтую праблему пісьменніку дапамог… Міхаіл Мясніковіч. У тыя часы прэм’ер займаў пасаду міністра ЖКГ БССР.

Музей на лецішчы Быкава плануюць адкрыць да 90-годдзя пісьменніка — у 2014 годзе. Экскурсаводы будуць у цені бяроз расказваць школьнікам і замежным дэлегацыям, як Быкаву тут добра пісалася.

Еўрарадыё пашукала згадкі пра лецішча ў аўтабіяграфічнай кнізе “Доўгая дарога дадому”. Там Васіль Быкаў адгукаецца пра яго без вялікага піетэту. Не пісалася пісьменніку там.

“Будаваў у Ждановiчах дачу i думаў: буду пiсаць! На другiм паверсе, у цесным куточку. Мiж бярозак, што высiлiся над дахам, пазiраючы на падворак з ружамi ўнiзе. Але не пiсалася мне на дачы. Усё тут шкодзiла — i размовы суседак побач, i брэх сабак, i дзiцячая гамана з пiскам i крыкам. А то яшчэ радыё аднекуль з боку блiзкай дарогi. Напрыканцы лета рашыў: паеду ў Нiду. Усе дужа хвалiлi — здатнае мейсцейка на беразе затокi, поруч з жоўтымi дзюнамi”.

Ніда насамрэч прыемнае месца, не паспрачаешся. Але лецішча там Быкаў так і не займеў. Так што музей будзе не на балтыйскім ўзбярэжжы, а ў шумных мінскіх Ждановічах.

“Гэта падарунак дзяржаве. І кіраўніцтва дзяржавы пагадзілася з тым, што менавіта там будзе створаная экспазіцыя. Мы плануем частку лецішча захаваць — мемарыяльны пакой Васіля Ўладзіміравіча, гасціная, ну а некаторыя памяшканні лецішча, якое зусім невялічкае, выкарыстаем для экспазіцыі”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі