Будаўнікі дарог: "Зараз усе масава звальняюцца"

"Зараз масавыя звальненні. Усе звальняюцца. Аплата працы нізкая, таму людзі сыходзяць. Такая бяда паўсюль", — распавядаюць Еўрарадыё на магілёўскім "Аблдарбуд".

Паводле слоў супрацоўнікаў прадпрыемства, уцечка працоўных рук у Расію ўжо вельмі сур’ёзная праблема.

"У нас не хапае майстроў менавіта дарожнай спецыяльнасці, машыністаў бульдозераў, экскаватараў. Дарожныя рабочыя атрымоўваюць каля 1,5 мільёна. Хто будзе за такія грошы працаваць? Машыністы трохі вышэй за 2, але ж..." — з расчараваннем распавядаюць на магілёўскім прадпрыемстве.

"Машыністы асфальтаўкладчыкаў, машыністы каткоў, грэйдарысты, механізатары", — працягваюць спіс тых, што з'ехаў па лепшую долю ў Расію на гомельскім "Аблдарбудзе". Па прыблізных падліках, за паўгода з прадпрыемства сышло... каля сотні чалавек! Але галоўная праблема не ў гэтым.

"Сыходзіць якасць. Сыходзяць рабочыя, якія займаюць больш прафесійныя пазіцыі", — у Гомелі таксама заробкі каля 2 мільёнаў.

У Мінску такіх масавых звальненняў, як у рэгіёнах, няма. Бо заробкі вышэйшыя.

"Можа 2-3 чалавекі паехалі за мяжу працаваць, але не больш. Традыцыйна патрабуюцца прыбіральшчыкі тэрыторыі і дарожныя рабочыя 4-га разраду, але гэта не звязана з выездам за мяжу", — распавядаюць Еўрарадыё ў мінскім “Рэмаўтадор”. За красавік на прадпрыемстве сярэдні заробак быў каля 2,7 мільёнаў.

А вось магілёўскі "Дарожна-будаўнічы трэст 3", які пракладае трасу Мінск-Магілёў, мае патрэбу ў рабочых.

"Гэта звязана з паскарэннем тэмпаў здачы дарогі М4 — Мінск-Магілёў. І ў "Дажынках" мы таксама прымаем удзел у Горках. Пастаянна патрабуюцца супрацоўнікі".

У сезон тут  можна добра зарабіць. Напрыклад, машыніст фрэзы можа зарабіць 6 мільёнаў. А ў сярэднім па трэсце заробак 3,9 мільёна.

А вось дарогу побач з праспектам Дзяржынскага ў Мінску будуе расійская фірма. Тут працуюць узбекі, азербайджанцы, таджыкі, кіргізы, малдаване. Як яны самі прызнаюцца журналісту Еўрарадыё, зарабляюць ад 400 да 700 долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі