Чаму ў Беларусі няма сенату і губерняў, але ёсць сенатары і губернатары?

“Па нарматыўных дакументах у нас гэта кіраўнік Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. А вы хочаце даведацца, ці называем мы мэра мэрам?” — здзіўляюцца маім пытанням у прыёмнай Мінгарвыканкама.

120907 Pilecki Senatary.mp3

Вядома, мне цікава, як падначаленыя між сабой называюць кіраўніка сталіцы Мікалая Ладуцьку. Нават у рэпартажах афіцыйных СМІ можна пачуць, што ён мэр. Але кожны добры школьнік ведае, што мэр — пасада выбарная. А кіраўнікоў беларускіх гарадоў не выбіралі з часоў адмены Магдэбургскага права.

Акрамя мэраў у Беларусі ёсць яшчэ і губернатары. Хаця, губерняў няма. У Брэсцкім аблвыканкаме пацвярджаюць — свайго шэфа Канстанціна Сумара неафіцыйна называюць губернатарам. Але толькі неафіцыйна. Ва ўсіх дакументах Сумар пазначаны як кіраўнік аблвыканкама.

Акрамя мэраў без мэрый і губернатараў без губерняў у Беларусі яшчэ ёсць сенатары без Сената. Ва ўпраўленні інфармацыі Савета Рэспублікі расказваюць, што гэта таксама неафіцыйная назва.

“Закон ёсць аб статусе дэпутата і члена Савета Рэспублікі. Там ні слова няма пра сенатараў. Ні ў Канстытуцыі, ні ў гэтым законе. У рэгламентах, на аснове якіх працуе Савет Рэспублікі, таксама няма. А журналісты часта выкарыстоўваюць, так”.

У размове паглыбляемся ў гісторыю. У далёкі 1997 год, калі па ініцыятыве кіраўніка краіны адбыўся падзел парламента на дзве часткі. Называць членаў Савета рэспублікі сенатарамі пачалі мае калегі журналісты.

“У нас калі з’явіўся двухпалатны парламент, у 1997 годзе, журналісты каб неяк аддзяліць членаў Савета Рэспублікі ад дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў пачалі іх называць сенатарамі. Адтуль і пайшло”, — тлумачыць супрацоўніца Савета Рэспублікі, якая працуе тут ад самага падзелу Парламента.

Вось так не па сваёй волі члены Савета Рэспублікі сталі сенатарамі. Намеснік старшыні Верхняй палаты парламента, Анатоль Рубінаў, гаворыць, што сенатарам быць проста модна. Хоць і нічога прыемнага ў гэтым няма.

“У нас жа модна замежныя словы выкарыстоўваць. Абавязкова нам трэба каб было так, як у Амерыцы, альбо Германіі ці яшчэ дзе. І мы і Happy Birthday, і ўсё іншае пачынаем перадзіраць. А што тут прыемнага, я не ведаю. Я ж не ў Злучаных Штатах, каб адчуваць сябе сенатарам. Навошта гэта”.

Перадзіраць модна не толькі ў нас. У суседняй Расіі кіраўнікоў абласцей таксама называюць губернатарамі. Ёсць там і мэры. А вось ва Украіне ўжо іначай. Там афіцыйна зацверджаныя пасады гарадскога галавы і галавы дзяржаўнай адміністрацыі. У суседняй Польшчы са зменай палітычнай сістэмы таксама вярнуліся да традыцыйных назваў — бурмістраў і ваяводаў.

Беларускія гісторыкі лічаць, што называць кіраўнікоў гарвыканкамаў бурмістрамі альбо войтамі не варта. Сістэма настолькі змянілася, што вяртаць старыя назвы не мае сэнсу, гаворыць гісторык Андрэй Вашкевіч:

“Член Савета Рэспублікі хай будзе членам Савета Рэспублікі, а не сенатарам. Бо з такім жа поспехам чалавека можна называць не губернатарам, а ваяводай”.

Пакуль жа ў нас паспяхова прыжываецца мяшанка з амерыканскага “сенатара”, еўрапейскага “мэра” і расійскага “губернатара”.

“Закон ёсць аб статусе дэпутата і члена Савета Рэспублікі. Там ні слова няма пра сенатараў. Ні ў Канстытуцыі, ні ў гэтым законе. У рэгламентах, на аснове якіх працуе Савет Рэспублікі, таксама няма. А журналісты часта выкарыстоўваюць, так”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі