“Белпошта” адмовіла газеце “Вольнае Глыбокае” ў распаўсюдзе

130411_samaabarona.mp3

Ужо 8 гадоў рэдакцыя газеты “Вольнае Глыбокае” беспаспяхова дамагаецца аднаўлення падпіскі праз “Белпошту”. Да 2004 года газету можна было выпісаць на пошце, і тады ў выдання было каля 2400 падпісчыкаў. Але ў 2005 годзе глыбоцкае аддзяленне “Белпошты” скасавала з газетай усе заключаныя дамовы. З таго часу ўсе адмовы на распаўсюд прыходзяць аднолькавыя, слова ў слова — адрозніваюцца ў іх толькі даты.

Кіраўніцтва пошты тлумачыць сваю пазіцыю тым, што абодва бакі з’яўляюцца ўдзельнікамі грамадзянскіх прававых адносін, таму яны свабодныя ў вызначэнні сваіх правоў і абавязкаў. Іншымі словамі, хочам — заключаем дамову, не хочам — не заключаем, распавёў Еўрарадыё рэдактар выдання Уладзімір Скрабатун:

Я не разумею гэту адмову “Белпошты” ўключыць газету “Вольнае Глыбокае” ў падпісны каталог. Матывацыя такая, што два суб’екты гаспадарання вольныя ў заключэнні дамовы, а паколькі пошта вольная, то яна не жадае з намі заключаць дамову. Гэта значыць, я так утрырую, калі ты прыходзіш у краму, просіш прадаўца прадаць хлеб, а прадаўцы кажуць: “Мы можам вам прадаць хлеб, а можам і не прадаць”.


Заробкі ў глыбоцкіх паштальёнаў невялікія, а на сайце райвыканкама пастаянна вісіць абвестка, што ў Глыбокім не хапае паштальёнаў. Уключэнне яшчэ адной газеты ў падпісны каталог дазволіла б “Белпошце” атрымаць дадатковыя грошы, працягвае Уладзімір Скрабатун:

“Размаўляў з былым дырэктарам глыбоцкай пошты спадаром Пучкоўскім, ён мне яшчэ ў 2005 годзе тлумачыў, што падпіска на газету, якая мае 16 палос, для іх выгадная, бо ад вагі газеты, палоснасці залежыць кошт дастаўкі, а гэта грошы для самой пошты, і гэта заробак. У гэтым выпадку я не разумею матывацыю неўключэння газеты “Вольнае Глыбокае” ў падпісны каталог”.


Юрыдычных падставаў не працягваць дамову з газетай “Вольнае Глыбокае” няма, лічыць мясцовая праваабаронца Ганна Мартыноўская з Беларускага Хельсінкскага камітэту:

“Адказ пра тое, што друкаванае выданне не можа быць прынята для распаўсюду праз РУП "Белпошта" галаслоўны. Газета зарэгістравана на законных падставах, распаўсюджвалася праз "Белпошту". Якія ёсць падставы не заключаць дамову ці не працягваць яе? Ці нейкі бок не выканаў свае абавязанні?”

Зараз чытачы "Вольнага Глыбокага" збіраюць подпісы пад зваротам да кіраўніцтва "Белпошты" аб уключэнні газеты ў падпісны каталог.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі