Беларусы з “чорнага” спіса: Перад кім нам скардзіцца?!

24 траўня у спіс беларусаў, неўязных у Еўрасаюз, дадалося 13
новых прозвішчаў. Пад візавыя санкцыі трапілі супрацоўнікі беларускай судовай
сістэмы, якія ўдзельнічалі ў апошніх працэсах над затрыманымі па справе Плошчы.
Разам з імі дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Меркуль, якая пасля
выбараў звольніла настаўніцу гісторыі і грамадскую актывістку Наталлю Ільініч.

Еўрарадыё знайшло дакумент, паводле якога той, хто лічыць,
што трапіў у “чорны” спіс дарэмна, можа накіраваць у Савет Еўрапейскага саюза
запрос і дакументы для перагляду. Аднак асаблівага жадання абскардзіць рашэнне
еўрапейскіх чыноўнікаў у “неўязных” мы не ўбачылі:

“Гэта папросту паказуха, — мяруке старшыня Саюза
пісьменнікаў Мікалай Чаргінец
. — Таму я лічу, што пісаць туды не варта. Лепш
папросту не звяртаць на гэта ўвагі”.

На думку былога сенатара, ранейшае пакаленне кіраўнікоў
Еўрасаюза лічылася з меркаваннем беларусаў і было гатовае да дыялогу з
беларускімі ўладамі.

Мікалай Чаргінец: “А зараз прыйшлі новыя… Гэтыя бузекі і
іншыя, прабачце за гэты выраз, якія папросту поўныя гонару і гатовыя зняважыць
не толькі беларускую ўладу, а і ўвесь наш народ. Ад іх чакаць няма чаго, і
прасіць перагледзець гэтыя спісы — сапраўднае прыніжэнне”.

Пра боль і несправядлівасць, і пра тое, што дазволам
перагляда “чорных” спісаў іх хочуць прынізіць, кажуць і іншыя фігуранты спісу
неўязных, якія папрасілі не называць іх. А вось у Наталлі Меркуль магчымасць
абскардзіць сваё месца ў “чорным” спісе непрыемных эмоцый не выклікае. І гэта
зразумела: дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы — бадай што самы маленькі і
далёкі ад улады фігурант спіса неўязных у ЕС.

Наталля Меркуль: “Мне здаецца, што сэнс скардзіцца ёсць. Бо
проста вось так вось, нібыта я тэрарыстка… І раптам невыязная”.

У Еўропу Наталля Меркуль гэтым летам не збіраецца. Яна шчыра прызналася Еўрарадыё, што фінансы
не дазваляюць. Не планаваў адпачынак на еўрапейскіх курортах і Мікалай Чаргінец,
які ўвогуле не лічыць магчымасць уезду ў Еўропу істотнай стратай.

“Я ўжо аб’ездзіў увесь свет. І хачу сказаць, што ў Еўропе я
не бачу месцаў, дзе можна было б адпачываць так як, скажам, у Турцыі. Вядома,
можна было б паглядзець узбярэжжа Міжземнага мора… Але абыйдземся і без гэтага.
У нас возера Нарач — некранутая цаліна”
, — кажа Чаргінец.

Намстаршыні суда Кастрычніцкага раёна Мінска Ала Булаш, якая
апошнім часам адзначылася адразу некалькімі жорсткімі прысудамі па справе 19
снежня, як раз зараз знаходзіцца ў адпачынку. На жаль, у судзе не ведаюць, дзе.
Іншая суддзя — Наталля Чацвярткова, якая на 5 гадоў адправіла за краты Андрэя
Саннікава, — ад любых каментароў наконт “чорных” спісаў адмаўляецца.

Намстаршыню Цэнтрвыбаркама Мікалая Лазавіка складанне “чорных”
спісаў шчыра пакрыўдзіла. Ён не разумее, чаму ў спісы чальцы ЦВК, якія
прыклалі столькі намаганняў для таго, каб выбары ў Беларусі прайшлі “максімальна
дэмакратычна”
:

“І нас за гэта пакаралі. Дык перад кім мне тады скардзіцца?!
Перад гэтымі, я б сказаў, подлымі людзьмі, якія дапусцілі самую сапраўдную
несправядлівасць?”
, — крыўдуе чыноўнік.

Адпачываць Мікалай Лазавік таксама плануе ў Беларусі. І
кажа, што яшчэ з савецкіх часоў ездзіў на Захад хіба што ў службовыя
камандыроўкі, абменьвацца досведам правядзення плебісцытаў:

Мікалай Лазавк: “Адпачынак у мяне запланаваны. Ёсць у мяне
вясковая хатка, там рыбалка добрая. Адпачынак на 2 часткі разбіваю, каб пры
пачатку лета парыбачыць, а пры канцы, калі з’явяцца грыбы, пахадзіць па лесе”.

Таму прасіць выкрэсліць яго з “чорных” спісаў Лазавік
таксама не будзе, так і застанецца пакуль неўязным.

Фота:http://belinternat.org/