Алесь Лютыч: Людзі добра зрабілі, што прагаласавалі за песню :B:N:

Еўрарадыё: Што прывяло :B:N:
у “КЛІПзаМОВУ”?


Алесь Лютыч: На конкурс мы выйшлі выпадкова праз інтэрнет. 100 гадоў не ўдзельнічалі ў
конкурсах, таму і вырашылі паспрабаваць. Песню “На ростанях” абралі абсалютна “наабум”. Цікава, вядома. Столькі каментароў было пад турам з нашым удзелам… Я
нават часам стрымліваўся, каб не счапіцца з некім.

“Нам дапамагла Еўропа!”


Еўрарадыё: Вы прымянілі актыўную тактыку ў галасаванні
праз свой акаўнт “вКонтакте”. Адмін вашай старонкі звяртаўся да людзей з
просьбай пісаць яму, каб дапамагчы гурту выйграць. Што гэта былі за хітрыкі?


Алесь Лютыч: Ды ніякіх хітрыкаў! У нашай суполцы вконтакте 2000 з хвосцікам людзей. І многія
з іх не з’яўляюцца маімі сябрамі ці сябрамі таго ж адміна. Але той жа адмін ці
я не можам даслаць больш за 20 паведамленняў іншым людзям з заклікам галасаваць
за :B:N:. Бо яны будуць ісці ў спам. Можна паведаміць пра
галасаванне толькі сваім сябрам. Таму мы прасілі, каб усе галасавалі самі і
запрашалі галасаваць сяброў нашай суполкі. А яшчэ я актывізаваў сваіх польскіх
сяброў. У галасаванні бралі ўдзел нашы прыхільнікі з Гайнаўкі, Бельска,
Беластока, Варшавы, Гданьска, Кракава. На дапамогу нам прыйшла і Еўропа!

Еўрарадыё: Ці слухаў ты, уласна, песні сваіх канкурэнтаў?
Калі б не ваш удзел у конкурсе, каму б ты аддаў свой голас?


Алесь Лютыч: Песні, натуральна, слухаў. І галасаваў бы за Bosaesonca,
калі б яны прэтэндавалі на перамогу з песняй “Золатам”. Мне вельмі падабаецца
гэтая песня. Яна гучыць у маім аўтамабілі. А “Люблю” не надта чапляе. Людзі
добра зрабілі, што прагаласавалі за песню :B:N:
(смяецца).

“Каб зрабіць выбар, трэба саспець”


Еўрарадыё: Ваша песня называецца “На ростанях”. Калі
апошні раз ты стаяў на ростанях?


Алесь Лютыч: Нават не ведаю.

Еўрарадыё: У тваім жыцці адбываюцца нейкія перамены на
дадзены момант? Нешта вырашаецца? Ці павольна ідзе ўсё сваім ходам?


Алесь Лютыч: Зразумела, вырашаецца! І, зразумела, шмат пытанняў яшчэ застаюцца без
адказу. Гэта і ёсць жыццё. Бо калі ўсё спакойна і роўна — гэта, хутчэй,
існаванне, а не жыццё.

Еўрарадыё: А страшна рабіць выбар? Ці, наадварот, прыкольна?


Алесь Лютыч: Для таго, каб зрабіць выбар, трэба саспець. У 15-16 гадоў пра гэта не
задумваешся — як зробіш, так і будзе. Цяпер жа больш думаеш, ці трэба гэта, ці
не трэба, для чаго гэта патрэбна… Спачатку думаеш, а потым робіш нейкія крокі.

“Салідарныя” страцілі колішні маштаб


Еўрарадыё: Вы толькі што вярнуліся з фестывалю “Салідарныя
з Беларуссю” у Гданьску. Як цяпер выглядае некалі пафаснае мерапрыемства?


Алесь Лютыч: Фэст страціў сваю маштабнасць, якой славіўся 5 гадоў таму, калі ладзіўся ў
Варшаве на пляцы Замковым. Цяпер мерапрыемства набыло андэграўндны фармат. Наш
канцэрт праходзіў у невялікім клубе, які месціцца ў сутарэнні закінутага
будынку фабрыкі. Апроч нас у канцэрце браў удзел мясцовы гданьскі гурт і наша Harotnica.
Усё было цёпла і ўтульна, без непатрэбнага пафасу.

Еўрарадыё: Што за публіка прыйшла на ваш канцэрт?


Алесь Лютыч: Беларусаў было няшмат — у асноўным палякі, запрошаныя тымі ж беларусамі.
Людзей было ўвогуле чалавек 150. Мы трошкі хваляваліся, таму што ўпершыню гралі
без бубнача, а пад запісаныя бубны. Але сыгралі добра, і нас добра сустрэлі. Праўда,
месца хэдлайнераў саступілі “Гаротніцы”. Бо, мяркую, нельга быць хэдлайнерам,
калі граеш не поўным складам. Выглядалі крыху параненымі.

Еўрарадыё: То бок, вы знайшлі выйсце ў сітуацыі, калі
адзін музыка па нейкай прычыне не можа сыграць на канцэрце?


Алесь Лютыч: Так. Наш бубнач, Зміцер Харытановіч, заняты ў іншых гуртах. Таму ён і
запісаў барабанную версію нашых песень. Ну праўда, навошта адмаўляцца ад
канцэртаў, калі, як мы назіралі на канцэрце, людзі ўспрымаюць добра і трох
чалавек на сцэне?! Тым больш, канцэртаў мы граем мала. Таму можна часам
практыкаваць падобнае, калі здараюцца накладкі. Але, натуральна, не
сістэматычна.

Неўзабаве прэзентуем першую частку альбома


Еўрарадыё: Цяпер :B:N:
працуе над новым акустычным альбомам. І першы сінгл з будучай пласцінкі “Не
трывай” быў прэзентаваны на Еўрарадыё. Як хутка парадуеце нас наступным
сінглам?


Алесь Лютыч: Ужо на наступным тыдні прэзентуем на старонцы Еўрарадыё першую частку
альбома. Апроч “Не трывай”, у яе ўвойдуць песні “Цягнік”, “На ростанях”,
“Напрыканцы”, “Мэты-мары” і “Загінулым паэтам прысвячаецца”. Прэзентацыю другой
часткі дыска пакінем на восень.

Еўрарадыё: Нядоўга засталося чакаць цёплай вясны. Дзе
думаеце выступаць бліжэйшым часам?


Алесь Лютыч: Мы граем 6 траўня на фэсце, што ладзіць Еўрарадыё, разам з Крамай, Neuro Dubel і
гуртом Pomidor/OFF. І чакаем прапановаў ад арганізатараў канцэртаў!