Рэпетытар па матэматыцы: У 10 класе вучні табліцу множання не ведаюць

“Узровень падрыхтоўкі вучняў з гадамі падае. На тое шмат прычын: сыходзяць дасведчаныя настаўнікі са школ, падае прэстыж прафесіі настаўніка. Ужо сутыкаешся з праблемай, калі вучні ў 10 класе дрэнна ведаюць табліцу множання. Адна дзяўчына выдала 4 варыянты на пытанне, колькі будзе 1 мінус 2”, — прызнаецца рэпетытар па фізіцы і матэматыцы Уладзімір Аляксандравіч, які займаецца падрыхтоўкай абітурыентаў больш за 10 гадоў.

Але сёлетнія тэсты, як і саму ідэю тэставання, ацэньвае добра. Тыя адпавядаюць школьнай праграме.

“Цяпер няма элемента карупцыі у паступленні. Для настаўніка гэта важна. Тэставанне сёлета праходзіла ў адпаведнасці з праграмай, заданні былі якасныя”, — тлумачыць рэпетытар.

На высокі бал “натыкаць крыжыкаў” немагчыма, лічыць выкладчык. У гэтым годзе некалькі вучняў Уладзіміра Аляксандравіча здалі экзамен больш чым на 80 балаў. За практыку ў яго было двое стобальнікаў.

“Прыходзяць з адзнакамі 8 і 9 у школе, але элементарнага не ведаюць. Дрэнна чытаюць у 11 класе некаторыя. Адсюль дрэнна працуе зрокавая памяць і наогул памяць пагоршылася. Заданні многія робяць па шаблоне, а заданні бываюць розныя. А тое, што цяпер у тэстах — усё было ў школьнай праграме”, — расказвае рэпетытар па рускай мове Ларыса Анатольеўна.

Самы высокі вынік у яе вучняў у гэтым годзе — 78 балаў.

Вынік на тэставанні — не паказчык ведаў па гісторыі, выказваецца рэпетытар па гісторыі Беларусі Аляксандр Луцэвіч. Сёлета толькі адзін з яго вучняў напісаў на 82 балы, астатнія — ніжэй.

“У двух навучэнцаў можа быць высокі бал, але ведаць яны могуць па-рознаму. Трэба тлумачыць розныя факты і з’явы. Каб ведаць логіку падзей”, — удакладняе выкладчык.

Школьных ведаў для тэставання не дастаткова, адразу кажа Ірына Анатольеўна, якая рыхтуе выпускнікоў да экзамену па англійскай мове. Некалькі гадоў таму яна сама здавала рэпетыцыйнае тэставанне і набрала 98 балаў са 100!

“У мінулыя гады тэсты нават складанейшыя былі, калі параўноўваць з гэтым годам па зборніках. Але нашых школьных падручнікаў не дастаткова, каб добра здаць. Трэба хаця б замежнымі выданнямі карыстацца. У маіх вучняў залежала ад таго, колькі яны рыхтаваліся. У мяне было ад 74 да 91. У асноўным — 84, 87”, — агучвае вынікі мінулых гадоў рэпетытар. Вынікаў па англійскай мове гэтага года пакуль не агучылі.

На цэнтралізаванае тэставанне сёлета зарэгістравалася 105 тысяч абітурыентаў. Беларускую мову на 100 балаў у гэтым годзе здалі 15 чалавек, рускую — 25, гісторыю Беларусі — 6, хімію — толькі 1 чалавек. Матэматыку на “выдатна” напісалі 16 чалавек.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі