"Рэпарцёры без межаў": Cуд па справе Паліткоўскай нас расчараваў

У Маскве ідзе працэс па справе забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай, якая была застрэленая 2 гады таму ў пад’ездзе свайго дома. Заходняя прэса пільна сочыць за судовым разборам, які мусіў быць адкрытым для прэсы, але ў выніку “закрыўся”. На пытанні Еўрарадыё адказвае Эльза Відаль, адказная бюро Еўропы і былых савецкіх краінаў грамадскай арганізацыі “Рэпарцёры без межаў”. ЕРБ: Як “Рэпарцёры без межаў” могуць пракаментаваць ход працэса па забойстве Ганны Паліткоўскай?

Эльза Відаль: Наша сённяшняя рэакцыя – гэта вялікае расчараванне. Пасля таго, як у панядзелак было вырашана, што працэс будзе адкрытым для прэсы і грамадскасці, сёння суддзя Зубаў па просьбе прысяжных прыняў адваротнае рашэнне. І працэс будзе закрытым.

ЕРБ: Як вы лічыце, чаму гэта так?

Эльза Відаль: Вельмі цяжка з пэўнасцю сказаць. Афіцыйная прычына – гэта тое, што суддзя сёння атрымаў запіску ад прысяжных, што яны не прыйдуць у залу суду, калі там будуць журналісты і што прысяжныя баяцца за сваю бяспеку. Тут, канечне, узнікае шмат пытанняў. Каб атрымаць на іх адказы, патрэбны час.

ЕРБ: Вы паверыце рашэнню суда, якое будзе вынесенае падчас закрытага працэса?

Эльза Відаль: У нас няма выбару. Мы выслухаем вердыкт, але сваё меркаванне не будзем базаваць толькі на ім. Мы таксама возьмем пад увагу тое, што апублікуе “Новая газета” і таго, што скажуць родныя Ганны.

ЕРБ: Ці ёсць у вас агульныя лічбы забітых у Расіі журналістаў?

Эльза Відаль: Паводле тых лічбаў, якія ёсць у нас з моманту прыхода да ўлады Ўладзіміра Пуціна – з 2000 года – 20 журналістаў было забіта ў сувязі з іх прафесіянальнай дзейнасцю.

ЕРБ: А ёсць статыстыка па свеце?

Эльза Відаль: У свеце за адзін толькі 2008 год было забіта 36 журналістаў.

ЕРБ: А дзе адбылося больш за ўсё забойстваў?

Эльза Відаль: У Іраку, там шмат забітых з-за канфлікта.

ЕРБ: Як вы лічыце, тая ўвага, якая надаецца працэсу ў Маскве, выкліканая тым, што гэта забойства журналісткі, ці таму, што гэта руская журналістка, і такая ўвага з боку замежнікаў матываваная палітычнымі прычынамі?


Эльза Відаль: Мяркую, што абедзве прычыны праўдзівыя. Па-першае, яна была вялікім крытыкам улады і манеры, у якой Расіяй кіравалі ў той час, калі яна была забітая. Я не перакананая, што аналагічнаму працэсу, які б тычыўся журналіста, надавалася б такая ж увага. Але Ганна Паліткоўская была адной з нешматлікіх, хто займаўся тэмай 2-ой Чачэнскай вайны. Яна задавала пытанні па парушэнню правоў чалавека ў Расіі. І да таго ж, абставіны яе смерці ўсё ж такі вельмі адметныя. Яна была застрэленая, што сапраўды выглядае расправай. Гэта была смерць на замову і гэта нармальна, што такая рэч з’яўляецца тэмай і цікавіць усіх.

ЕРБ: А ці сочыце вы за справай Веранікі Чаркасавай, беларускай журналісткі, забітай у 2004 годзе?


Эльза Відаль: Так, і на жаль у гэтай справе няма ніякага прагрэсу.

ЕРБ: Ці бачыце вы намаганні з боку ўлады знайсці забойцаў Веранікі Чаркасавай?

Эльза Відаль: Не, мы не бачылі рэальных намаганняў і палітычнай волі ў тым, каб знайсці вінаватых у гэтым злачынстве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі