Вы тут

Разведка Літвы: перад пускам БелАЭС расце напружанне між Беларуссю і "Расатамам"

Беларуская АЭС / minsknews.by

Паміж беларускімі ведамствамі і прадстаўнікамі кампаніі "Расатам" перад пускам БелАЭС нарастае напружанасць. Пра гэта гаворыцца ў сумесным дакладзе Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы і вайсковай разведкі, піша ru.delfi.lt.

Гэты рост напружанасці літоўская разведка тлумачыць тым, што "ўсе яны баяцца адказнасці за магчымыя інцыдэнты на пабудаванай у спешцы БелАЭС"

У дакладзе звяртаецца ўвага на тое, што ў ліпені 2019 года з пасады сышоў Дзмітрый Раманец, які кіраваў будаўніцтвам АЭС у Астраўцы. Літоўцы мяркуюць, што ён сышоў з пасады, каб пазбегнуць адказнасці за інцыдэнты, якія адбыліся раней, "і далейшыя складаныя работы па падрыхтоўцы станцыі да запуску".

Таксама гаворыцца, быццам Следчы камітэт Беларусі пачаў расследаванне па інцыдэнтах на будаўніцтве АЭС. Пры расследаванні былі затрыманыя некалькі чалавек, якія працавалі на кампанію "Расатам". Але пазней пад ціскам расійскіх дыпламатаў справы былі спыненыя. 

Таксама літоўская разведка сцвярджае, што прадстаўнікі "Расатама" нядбайна ставяцца да патрабаванняў беларускіх ведамства, якія кантралюць будаўніцтва. А прадстаўнікам Беларусі нестае як кампетэнтнасці, так і волі для жорсткага кантролю.

Паводле інфармацыі разведкі, напрыканцы чэрвеня 2019 года ў першым блоку АЭС каля рэактара пачаўся пажар, выкліканы халатнай дзейнасцю рабочых. Але беларускі бок не паведаміў пра гэты інцыдэнт. На думку літоўцаў, замоўчвання патрабуе "Расатам", які баіцца за сваю рэпутацыю надзейнага партнёра пры будаўніцтве АЭС.

Паводле разлікаў афіцыйнага Мінска, БелАЭС павінна пачаць працу ў 2020 годзе. Літва найбольш актыўна пратэстуе супраць будаўніцтва, лічачы гэтую станцыю пагрозай нацыянальнай бяспецы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.