Вы тут

Расійскія інтэрнэт-махляры гандлявалі фэйкавымі квіткамі на Еўрапейскія гульні

mvd.gov.by

Беларуская крымінальная міліцыя сумесна з дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў выявілі тры сайты, праз якія махляры прадавалі і перапрадавалі білеты на II Еўрапейскія гульні. Як высветлілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, карані нелегальнага бізнеса трэба шукаць у Расіі.

“На віртуальных рэсурсах, якія не мелі дачынення да афіцыйнага распаўсюду квіткоў, пакупнікам без выбара віду спорта, даты і часу адразу прапаноўвалася аплаціць паслугу. Далей па ўжо нібыта аплачаным чэк-кодзе трэба было забраць свой квіток у касе. Пры гэтым месцазнаходжанне білетных кас на сайтах не ўказвалася”, — распавядае старшая оперупаўнаважаная па асабліва важных справах ГУБЭЗ КМ МУС Вераніка Пасмеццева.

Вось як выглядаюць сайты, да якіх мае прэтэнзіі МУС:

Махляры прапаноўцалі квіткі нібыта ў 2,5 разы танней, чым яны былі дасяжныя ў касах. Адзін квіток у іх каштаваў 1000 расійскіх рублёў — 32,5 беларускага рубля. Доступ да віртуальных хостынг-машын, на якіх былі размешчаныя сайты, ажыццяўляўся з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі —з Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Па ініцыятыве міліцыі несанкцыянаваны гандаль квіткамі на Еўрагульні ў Мінску спынены. Прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю “БелГІЭ” абмежавала доступ да інтэрнэт-рэсурсаў (міліцыя не называе іх адрасы) на перыяд правядзення Гульняў. Беларуская міліцыя будзе шукаць арганізатараў бізнеса на тэрыторыі Расіі — у гэтым дапамогуць расійскія паліцыянты.