Вы тут

Расійскія інтэрнэт-крамы просяць урад паўплываць на Беларусь

Тавары ў расійскіх інтэрнэт-крамах у Беларусі могуць падаражэць / kommersant.ru​

Расійскія інтэрнэт-крамы палічылі страты, якія панясуць пасля ўступлення ў сілу паправак у падатковае заканадаўства Беларусі і Казахстана. Абедзве краіны — удзельніцы Еўразійскай эканамічнай прасторы вырашылі браць ПДВ з тавараў, якія прадаюць расійскія маркетплэйсы. У Казахстане новая норма запрацуе з 1 студзеня, у Беларусі — з 1 ліпеня. Атрымаецца падвойнае падаткаабкладанне. ПДВ гэтыя кампаніі плацяць у Расіі.

"З улікам сумы падатковай стаўкі 12% у Казахстане і 20% у Беларусі дадатковая падатковая нагрузка на расійскія маркетплэйсы складзе 3,6 млрд расійскіх рублёў (больш за 48 мільёнаў долараў ЗША) і 3,8 млрд рублёў (51 мільён долараў) адпаведна", — расказалі ў Асацыяцыі кампаній інтэрнэт-гандлю (АКИТ), піша "Коммерсант".

Выданню стала вядома, што АКИТ звярнулася з лістом да прэм'ер-міністра Расіі Міхаіла Мішусціна і папрасіла "даць даручэнне сфармаваць і накіраваць у ЕЭК пазіцыю РФ аб недапушчальнасці ўвядзення двайнога падаткаабкладання да прапрацоўкі падыходу па пацвярджэнні нулявой стаўкі ПДВ пры ўзаемным трансгранічным гандлі ў ЕАЭС".

Пакуль жа гэтая пастанова будзе выпрацоўвацца, прадстаўнікі інтэрнэт-крам просяць адтэрмінаваць увядзенне ПДВ у суседніх краінах.

Мінэканомікі Расіі ўжо пачало перамовы з калегамі ў Беларусі і Казахстане аб недапушчальнасці двайнога падаткаабкладання.

Выданне прыводзіць каментары прадстаўнікоў трох найбуйнейшых інтэрнэт-пляцовак, якія працуюць у Беларусі. У Lamoda пацвердзілі, што сітуацыя "вельмі вострая". У Ozon сказалі, што адсутнасць нулявой стаўкі ПДВ прывядзе да штучнага павышэння кошту тавараў. У Wildberries адзначылі, што шукаюць магчымыя варыянты вырашэння праблемы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.