Расійскіх хакеістаў пакараюць за непавагу да сапернікаў

Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе пакарае Федэрацыю хакея Расіі за непавагу да саперніка, якую гульцы расійскай зборнай выявілі ў дачыненні да зборнай Канады. Пра гэта паведаміў ТАСС кіраўнік IIHF Рэнэ Фазель. Пасля разгромнага пройгрышу (1:6) у фінале чэмпіяната свету ў Празе расіяне не сталі слухаць гімн Канады — краіны, якая атрымала чэмпіёнскі тытул.

Паводле Рэнэ Фазеля, Міжнародная федэрацыя хакея мае рэгламент і пэўнае пакаранне дакладна вынесуць. Ён таксама распавёў, што за 29 чэмпіянатаў свету, на якіх ён прысутнічаў, гэта першы такі выпадак. “У нядзелю я пабачыў тое, пра што і падумаць не мог датычна да Расіі”, — сказаў ён.

Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, 17 траўня, падчас цырымоніі ўзнагароджання зборнай Канады залатымі медалямі. У той момант большая частка расійскай каманды накіравалася ў распранальню,  а на лёдзе засталася толькі невялікая група гульцоў і праслухала гімн Канады. Адзін з расійскіх хакеістаў, Аляксандр Авечкін, спрабаваў утрымаць калегаў па камандзе, але яны сышлі.

2014 год: Фіны слухаюць расійскі гімн. 2015: Расіяне сыходзяць з канадскага

Форвард расійскай зборнай Мікалай Кулемін у інтэрв’ю агенцтву “Р-Спорт” патлумачыў такія паводзінамі засмучоным настроем хакеістаў, а таксама тым, што яны не ведалі асаблівасцяў цырымоніі і думалі, нібыта ўсё скончылася. Ён назваў гэта “простай недарэчнасцю”.

Прэзідэнт Федэрацыі хакею Расіі Уладзіслаў Траццяк у сваю чаргу заявіў пра арганізацыйныя памылкі і нязладжанасць, але ён лічыць, што тут няма ніякай непавагі да пераможцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі