Расія зняла забарону на пастаўкі малака з Беларусі, але не з усіх

Расія зняла забарону на пастаўкі малака з Беларусі, але не з усіх

Расія зняла забарону на пастаўкі малака з Беларусі, але не з усіх. Такое рашэнне прыняў Рассельгаснагляд. Пастаўляць прадукцыю ў Расію змогуць прадпрыемствы, якія даказалі яе бяспечнасць. У спісе згадваюцца Баранавіцкі малочны камбінат, Ляхавіцкі малаказавод, Ваўкавыскае прадпрыемства "Беллакт", Мазырскія малочныя прадукты, Тураўскі малочны камбінат і Лідскі малочна-кансервавы камбінат. Забарона дзейнічала з 6 чэрвеня і датычыла некаторых відаў малочнай прадукцыі ў тары, аб'ём якой перавышае 2,5 літры. Было заяўлена, што ў "чорны спіс" трапілі тыя віды прадукцыі, у якой расіяне выяўлялі найбольшую колькасць парушэнняў.

У Мінску былі абураныя рашэннем пра забарону паставак малака. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц назваў дзеянні расіян неаргументаванымі і неабгрунтаванымі, паколькі беларускія прадукты бяспечныя. Ён лічыць, што "ідзе выбіванне з рынку беларускіх прадпрыемстваў". У Маскве праходзілі беларуска-расійскія перамовы ў справе "малочнай вайны". Гэтая праблема закраналася і падчас нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі заявілі БЕЛТА, што будуць дамагацца зняцця абмежаванняў з усіх беларускіх прадпрыемстваў. Чарговы раўнд перамоў прызначаны на 27 чэрвеня, яны пройдуць у Маскве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі