Расія можа забараніць любому замежніку ўезд у Беларусь

Расія можа забараніць любому замежніку ўезд у Беларусь

18 сакавіка ў Беларусь не пусцілі фронтмэна ўкраінскага гурта “Фіолет” Сяргея Мартынюка. Тры канцэрты з-за гэтага былі сарваныя. Беларускія памежнікі сказалі Мартынюку, што ён неўязны ў Расію. А значыцца, і ў Беларусь, якая ўваходзіць разам з РФ у так званую саюзную дзяржаву. 

“Ёсць пагадненне ў межах саюзнай дзяржавы, яно тычыцца работы з асобамі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі ці тэрыторыю Расіі. Таму існуюць пэўныя абмежаванні, якія распаўсюджваюцца і на нашай, і на расійскай межах”, — тлумачыць сітуацыю прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка.

Адпаведна, калі Беларусь забараняе некаму ўезд, то чалавек з-за гэтага не зможа легальна трапіць у Расію.

Тым часам у РФ паднялася чарговая хваля за тое, каб забараніць уезд дзеячам украінскай культуры. Грамадзяне ствараюць петыцыі, расійскія дэпутаты нярэдка выказваюцца на гэты конт. У першую чаргу, гутарка пра Святаслава Вакарчука з гурта “Океан Эльзи” і Уладзіміра Зяленскага з “Квартала 95”. 

Расія можа забараніць любому замежніку ўезд у Беларусь
Калі Расія захоча, Вакарчука ў Беларусь не пусцяць

Таксама ад расіян масава дастаецца Настассі Прыходзька, Руслане, якая не аднойчы выступала ў шоу на беларускіх каналах, і Алегу Скрыпку з “Вопляў Відоплясова” — таксама частаму госцю ў Беларусі. І вельмі дзіўна, што Расія раптам узялася за саліста пакуль не настолькі папулярнага гурта “Фіолет”.

Дарэчы, уласныя чорныя спісы ўжо склала Украіна. Сёлета ў канцы лютага стала вядома, што ўезд забаранілі папулярнаму беларускаму музыку Максу Каржу. Здарылася гэта з-за таго, што ён не так даўно гастраляваў у Крыме.

Праблема з базамі дадзеных, якімі карыстаюцца памежнікі, падымаецца не ўпершыню. Разабрацца ў сітуацыі няпроста. Той жа Сяргей Мартынюк з гурта “Фіолет” так і не зразумеў, чаму яго зрабілі неўязным у Расію.

 “Ён ніколі там не быў і быць не планаваў”, — гарантуе менеджар гурта Марына Храмых.

Тым не менш, менеджар увайшла на сайт Федэральнай міграцыйнай службы РФ, дзе можна праверыць, на якіх падставах грамадзяніну забаронены ўезд у Расію. Калі Марына запоўніла форму на сайце, то аказалася, што… прэтэнзій да Сяргея Мартынюка няма. Праўда, сайт ведамства папярэджвае, што для атрымання юрыдычна значнай інфармацыі трэба высылаць афіцыйны запыт. 

Расія можа забараніць любому замежніку ўезд у Беларусь

З’явіліся здагадкі, што забаронамі Расіі могуць прыкрывацца беларускія чыноўнікі і праваахоўнікі. Паводле інфармацыі Еўрарадыё, раней канцэрты гурта “Фіолет” у Беларусі таксама зрываліся. Арганізатары не маглі атрымаць для гэтага гастрольнае пасведчанне. Таму выказваліся здагадкі, што “Фіолет”, які спявае пераважна апалітычную лірыку, нейкім чынам трапіў у так званыя “чорныя спісы” беларускага Мінкульта (наяўнасць такіх спісаў — сакрэт полішынэля).

На гэты раз “гастрольку” на выступы гурту далі, але саліста не прапусцілі на мяжы. “Фіолет” з гэтай нагоды збіраецца звярнуцца ў пасольства Беларусі ва Украіне. І, калі спатрэбіцца, ва ўсе магчымыя беларускія і ўкраінскія праваахоўныя органы, каб высветліць, чаму іх музыкант не можа трапіць у нашу краіну.

Фота lelchitsy.by, podrobnosti.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі