Вы тут

Рашэнне аб арышце Пятра Парашэнкі будзе разгледжана 19 студзеня

Пётр Парашэнка ў Пячэрскім райсудзе Кіева / Reuters

Пячэрскі раённы суд Кіева напярэдадні так і не змог прыняць рашэнне аб арышце экс-прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Наступнае пасяджэнне запланавана на 19 студзеня, паведаміў тэлеканал "Прамы".

У панядзелак суд засядаў больш за 11 гадзін. Апошнія пяць гадзін суддзя знаходзіўся ў дарадчым пакоі, але канчатковы вердыкт так і не прагучаў.

Украінскія пракуроры прасілі суд арыштаваць Пятра Парашэнку на два месяцы з магчымасцю выйсці пад заклад у $35,8 млн. Пры гэтым калі экс-прэзідэнта адпусцяць пад заклад, ён павінен будзе здаць усе пашпарты і насіць электронны бранзалет. Парашэнка і яго адвакаты лічаць вылучаныя абвінавачванні незаконнымі і прасілі суд не абіраць ніякай меры стрымання.

Парашэнка падазраюць па трох артыкулах КК Украіны: "Фінансаванне тэрарызму", "Дзяржаўная здрада" і "Стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі". Падставай для распачынання крымінальнай справы сталі пастаўкі данбаскага вугалю ў 2014-2015 гадах. Каля месяца Парашэнка правёў за мяжой. Паляцеў у той дзень, калі яму спрабавалі ўручыць позву ў суд, і вярнуўся напярэдадні — у дзень судовага паседжання. У аэрапорце яго сустракалі прыхільнікі.

Мітынг у яго падтрымку прайшоў  і ля суда. Пасля таго, як стала вядома аб новым пасяджэнні, Парашэнка выступіў перад прыхільнікамі і заявіў, што сцэнар улады па яго арышце "сарваўся".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.