Радары ДАІ ловяць чужую хуткасць

Пакуль Дзяржаўтаінспекцыя пераходзіць на новыя прыборы вымярэння хуткасці аўтамабіля, спрэчкі па паказаннях старых не сціхаюць
Днямі на прамой лініі ў газеце "Рэспубліка" міністр юстыцыі Віктар Галаванаў, адказваючы на пытанне жыхара сталіцы, прызнаў, што самы распаўсюджаны радар "не выдае ніякіх дакументальных доказаў, што парушаны хуткасны рэжым менавіта гэтай машынай".

Самы распаўсюджаны ў Беларусі радар — "Іскра-1". Вось што кажуць пра яго ў расійскай фірме-вытворцы "Сімікон":

"Радар паказвае змераную хуткасць, і калі яна перавысіла ўсталяваны парог, тады ўключаецца індыкатар вымярэння часу. Радар па змоўчанні вылучае самы хуткі аб'ект".

Іншы папулярны радар "Сокал" можа працаваць у двух рэжымах — паказваць хуткасць ці то бліжэйшага, ці то самага хуткага аўто ў патоку. Пераключаецца рэжым самім інспектарам.

Калі правільна эксплуатаваць радар, то ён будзе паказваць хуткасць вельмі дакладна, запэўніваюць вытворцы. Іншая рэч, што у вялікім патоку машын ён можа замерыць хуткасць таго аўтамабіля, які рухаўся хутчэй за ўсіх, нават у сустрэчным накірунку — а ДАІшнікі спыняць іншы. Наведвальніка аўтафорума stop-gai.by Сашу з нікам Schumacher, якраз штрафавалі паводле паказанняў такога прыбора і нават не паказалі час спрацоўвання.

Саша Schumacher: "Інспектар выйшаў на сярэдзіну дарогі. Усе машыны спыніліся. Там быў паток і спынілася машын 20. Ён паказаў на маю машыну. Паказаў хуткасць 87 км/г, час не паказаў. У мяне вісеў радар-дэтэктар, нятанны, паказальнай фірмы, але ён нават не пікнуў на старую "Іскру", хоць ён ловіць новыя радары. А тут мне проста прад'явілі хуткасць, нават не паказаўшы час спрацоўвання".

Па сутнасці, вымярэнні "Іскры-1" кажуць толькі пра тое, што нейкі аб'ект рухаўся ў межах дасяжнасці радара, а канкрэтна які — не паказвае. А часам супрацоўнікі ДАІ нават не паказваюць час, калі было зафіксаванае парушэнне. Такім чынам, замер мог быць зроблены па любым аўтамабілі. У судзе з-за гэтага ўзнікае канфлікт паміж кіроўцамі і ДАІ. Але суд звычайна верыць супрацоўніку аўтаінспекцыі, кажа адміністратар stop-gai.by Аляксандр Старычэнка:

"Для суда досыць таго, што інспектар бачыў, што менавіта гэтая машына парушала. Гэтыя ўсе "Іскры" і "Сокалы" разлічаныя на тое, што інспектар мае рацыю, ён жа не будзе падманваць, ён на варце радзімы".

Дзяржаўтаінспекцыя пераходзіць на прыборы з фота-відэафіксацыяй, бо прызнае, што там больш даказальнай базы. Старыя "Іскры" таксама выкарыстоўваюць, бо яны маюць сертыфікацыю ў Беларусі. Калі ўсе прызнаюць, што прыборы з відэафіксацыяй лепшыя, чаму ж проста не перайсці на іх? Рэч у тым, што гэта эканамічна не выгадна, патлумачыў Еўрарадыё спецыяліст па радарах магілёўскай ДАІ Аляксандр:

"Сучасныя прыборы каштуюць вялікія грошы. І калі прыборы старых мадэляў яшчэ працуюць, то немэтазгодна выкідаць іх".

Пакуль жа ДАІ паціху пераходзіць на новыя прыборы, спрэчкі па паказаннях старых не сціхаюць. Кіроўцы судзяцца з ДАІ, спрабуюць даказаць недастатковасць паказанняў радара і рапарта інспектара для вынясення штрафу. А цяпер аказалася, што ёсць праблемы і з прыборамі фота-відэафіксацыі. Яны таксама могуць памыляцца.

Пра гэта чытайце ў наступным рэпартажы:


Чытайце таксама:





Фота: rul.by, vminsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі