Пяскоў: Пуцін не размаўляў з Лукашэнкам і ў бліжэйшы час не плануе

Уладзімір Пуцін не размаўляў па тэлефоне з Аляксандрам Лукашэнкам пасля сустрэчы апошняга 3 лютага ў Мінску з журналістамі і прадстаўнікамі грамадскасці. Пра гэта заявіў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. Як інфармуе РІА "Новости", паводле яго слоў, у бліжэйшы час кантактаў паміж кіраўнікамі Расіі і Беларусі не плануецца. У такім кантакце пакуль няма неабходнасці, адзначыў Пяскоў.

Як вядома, 3 лютага Лукашэнка выказаўся на тэму беларуска-расійскіх адносінаў, праблемаў, якія ў іх існуюць на сённяшні дзень, пераказваў шэраг размоваў з Пуціным (гл. відэа).

Меркавалася, што 9 лютага пройдзе пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Напярэдадні пасяджэння мусіла адбыцца асабістая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. Аднак 8 лютага Пяскоў заявіў, што дату сустрэчы ўзгадніць не ўдалося.