П'яны кіроўца на Volvo наехаў на намёт, у якім спала дзяўчына
Яна загінула. Зламысніка затрымалі, распачатая крымінальная справа.
У Баранавіцкім раёне на беразе возера каля вёскі Амневічы п'яны 26-гадовы мужчына на Volvo наехаў на намёт, у якім спала 22-гадовая дзяўчына (па іншых звестках — 18-гадовая). Як інфармуе Intex-press, пасля 5-й гадзіны раніцы 25 ліпеня кіроўца сеў у аўтамабіль і пачаў рух заднім ходам. Ён не заўважыў турыстычнага намёту (на беразе адпачывала кампанія моладзі з намётамі). Дзяўчына, жыхарка Ганцавічаў, атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Яна памерла.
Зламысніка затрымалі. Яго адправілі на медыцынскае асведчанне, вынік — 1,9 праміле. Цяпер жыхар Баранавічаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Распачатая крымінальная справа.
Здымак з архіву. Фота: Fotolia